Вярхоўны суд абараняе міліцыянтаў-душыцеляў
14- 26.06.2012, 14:57
Вярхоўны суд разгледзеў скаргу Уладзіміра Марозава на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія ледзь не задушылі інваліда 6 ліпеня 2011 года.
У сваім адказе намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч піша, што «з матэрыялаў праверкі вынікае, што вы не затрымліваліся, у аддзяленне міліцыі для правядзення разгляду не дастаўляліся, па медыцынскую дапамогу ва ўстановы аховы здароўя не звярталіся. Дадзеных, што вам былі нанесеныя целавыя пашкоджанні, матэрыялы праверкі не змяшчаюць. Такім чынам, у ходзе праведзенай праверкі вашыя довады аб прымяненні супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да вас фізічнай сілы, не знайшлі свайго пацвярджэння».
Цяжка зразумець логіку гэтага адказу, паколькі ў Інтэрнэце можна праглядзець дзесяткі фотаздымкаў, дзе выразна бачныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, піша ПЦ «Вясна».
Нагадаем, 12 студзеня суд Першамайскага раёна Менска адмовіў у задавальненні скаргі Уладзіміра Марозава на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія без якіх-небудзь падстаў ледзь не задушылі хворага на цукровы дыябет інваліда.
Суддзя Алена Ананіч, разгледзеўшы скаргу Уладзіміра Марозава, прызнала абгрунтаванымі матэрыялы праверкі, праведзенай пракуратурай Першамайскага раёна Менска па факце ўжывання фізічнай сілы супраць інваліда супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, 6 ліпеня 2011 года інваліда Уладзіміра Марозава людзі ў цывільным душылі да страты прытомнасці ля будынка Нацыянальнай бібліятэкі. У гэты дзень у сталіцы праходзіла акцыя пратэсту, якую пазней назвалі «маўклівай». З тых часоў Марозаў дамагаецца справядлівага разгляду гэтага злачынства. У адказ - адныя адпіскі.