Бішкек: Бакіевы выдатна пачуваюцца ў Беларусі
19- 4.06.2012, 12:06
Шукаць экс-прэзідэнта Бакіева няма неабходнасці, ён хаваецца ў Беларусі, заяўляюць у Бішкеку.
Былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў і ягонае атачэнне, якія знаходзяцца ў вышуку, жывуць у Беларусі.
Пра гэта заявіў «Інтэрфакс-Захаду» намеснік міністра ўнутраных спраў рэспублікі Меліс Турганбаеў.
Таму, паводле яго, праваахоўным органам Кыргызстана няма патрэбы шукаць экс-прэзідэнта.
«Бакіевы там выдатна пачуваюцца, бо яны знаходзяцца пад аховай афіцыйнага Менска, вольна перамяшчаюцца ўнутры і за межамі Беларусі, і іх нам не выдаюць, нягледзячы на запыты», - сказаў Турганбаеў.
Бакіеў быў скінуты 7 красавіка 2010 года падчас масавых дэманстрацый і сутыкненняў мітынгоўцаў з праваахоўнымі органамі. Гэтыя падзеі, паводле афіцыйных дадзеных, прывялі да гібелі 77 чалавек.
Экс-прэзідэнта абвінавачваюць у здзяйсненні «масавых забойстваў двух і больш чалавек, узурпацыі ўлады».