25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйскіх забастоўшчыкаў падтрымлівае палова завода

131
Бабруйскіх забастоўшчыкаў падтрымлівае палова завода

Незадаволеных рабочых Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў пераводзяць у іншыя цэхі.

«Гэта дарэмна, нас падтрымлівае ўжо палова завода», - кажуць буяны.

- Учора, пасля размовы з кіраўніцтвам і іх адмовы ў катэгарычнай форме выплачваць нам прэміяльныя, нашы брыгады вырашылі, што будуць працаваць не па выкананні задання на змену, а згодна з устаноўленым тэхнічным працэсам, - распавялі «Салідарнасці» работнікі цэха па зборцы трактароў і кабін. - Гэта значыць, што за змену будзе выходзіць не пяць машын, а максімум дзве.

Паводле словаў рабочых, у іх адбылася размова з начальнікам цэха Іванам Асташовым, які, не выбіраючы выразаў, паабяцаў звольніць бунтаўшчыкоў, піша «Салiдарнасць».

- Галоўных, на яго думку, бунтаўшчыкоў ён пераводзіць у іншыя цэхі, але гэта дарэмна, нас падтрымлівае ўжо палова завода, - адзначаюць незадаволеныя рабочыя. - Асташоў пагражае звальненнем, не хоча нармальна размаўляць, але сітуацыя з выплатамі цягнецца ўжо не першы месяц.

Суразмоўцы адзначаюць, што адмена прэміяльных і вылікі за брак сталі нормай.

На думку рабочых завода, незадаволеных адсутнасцю даплат, сутнасць праблемы з выплатамі ў тым, што начальства цэха пераразмяркоўвае сродкі, якія выдзяляюцца на прэміяльныя так, што яны не даходзяць да рабочых.

- Стымулюючая даплата таму так і называецца, а яе не выплацілі без тлумачэння прычыны і папярэджання, - тлумачыць сутнасць канфлікту старшыня суполкі Свабоднага прафсаюза на заводзе Міхаіл Кавалькоў. - Людзі разлічвалі на грошы, гэта больш за мільён рублёў, а іх гэтых грошай пазбавілі. Прытым, што інструмент ледзь не свой прыносім на завод, у цэхах тэмпература перавышае норму, а замест васьмігадзіннай, людзі працуюць дванаццацігадзінную змену.

Як адзначае Міхаіл Кавалькоў, пратэстуюць супраць пазбаўлення прэміі як раз рабочыя, якія не з'яўляюцца членамі Свабоднага прафсаюза, а гэта - трывожная тэндэнцыя для начальства.

- Хай нас пераводзяць, хай звальняюць, але гэтая сітуацыя разгараецца не толькі ў першым цэху. Увесь завод нас падтрымлівае, акрамя начальства, вядома. Чаго яно дамагаецца, нам незразумела, - падагульнілі суразмоўцы.

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках