24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйскім забастоўшчыкам паабяцалі выплаціць прэміяльныя

25
Бабруйскім забастоўшчыкам паабяцалі выплаціць прэміяльныя

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў у сераду наведала камісія, якая праверыць разліковыя за некалькі месяцаў баставаўшых рабочых. Апошнія ўжо прыступілі да працы.

Рабочыя Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў пратэставалі супраць пазбаўленьня прэміяльных выплат.

- Людзі зараз прыступілі да працы, - паведаміў «Салiдарнасцi» старшыня першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Міхаіл Кавалькоў. - Яны не адмовіліся ад сваіх патрабаванняў. Ім паабяцалі, што гэтыя патрабаванні задаволяць. З камандзіроўкі вярнуўся дырэктар, які, як мяркуецца, сустрэнецца з рабочымі гэтай брыгады. Хлопцы расказвалі, што прыехала да іх камісія забрала разліковыя лісты за гэты і папярэдні месяцы. Разгледзяць, ці правільна ім разлічылі зарплату.

Таксама стала вядома, што завод пакінуў намеснік дырэктара па кадрах, сацыяльнаму развіццю і ідэалагічных пытаннях Пётр Слабадчук. Сваё звальненне ён пацвердзіў у размове з рэпарцёрам «Радыё Свабода»:

- Вы мяне прабачце, я не магу вам даць ніякай інфармацыі, таму што я больш там не працую. Усё, да пабачэння, хлопцы. Больш мне не тэлефануйце з вашымі пытаннямі, - сказаў ён.

Прафсаюзны лідэр Кавалькоў лічыць, што праблема на заводзе паўстала па віне кіраўніцтва, якое не ўмее знайсці агульную мову з падначаленымі.

- Сітуацыя не варта выедзенага яйка. Было б разумнае кіраўніцтва цэха, яно б не карала людзей, а патлумачыла, што такім-та брыгадам прызначаць прэміяльныя за выкананую імі дадатковую працу, - лічыць Міхаіл Кавалькоў. - А калі людзям нічога не тлумачаць, калі яны разлічваюць на тое, што атрымаюць адну суму (тым больш, што зараз сезон адпачынкаў, людзі планавалі кудысьці выехаць), а ў разліковых яны ўбачылі, што заработная плата менш на 1 200 000 рублёў . І пры гэтым начальнік цэха заяўляе, што гэта яго права: хоча - дае прэмію, хоча - не дае ...

Міхаіл Кавалькоў адзначыў, што узбунтаваліся людзі, якія працуюць у другую змену, якім часта даводзіцца заставацца пасля працы, каб скончыць зборку трактара.

- А ўзамен атрымліваюць хамскае стаўленне, - здзіўляецца лідэр пяршоўкі СПБ.

Самога яго на тэрыторыю завода, дзе знаходзіцца офіс незалежнага прафсаюза, не пускаюць.

- Сёння мне зноў паведамілі, што пропуск заблакаваны. Так што ў наступны раз я пайду на працу з судовым выканаўцам. 29 чэрвеня рашэннем суда мне было дазволена прыходзіць на завод, і пропуск разблакавалі. Потым мне паведамілі, што пропуск зламаны. Рабілі яго каля тыдня. Пасля гэтага ён праслужыў мне дзень, і зноў мяне не пускаюць. Прычым, суддзя прымала рашэнне аб разблакаванні пропуску, і нават прызнала, што тут маецца факт дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці, - падагульніў у гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасці» Міхаіл Кавалькоў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках