25 снежня 2024, Серада, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Месцы ў акруговых камісіях толькі для лукашыстаў-гультаёў

5
Месцы ў акруговых камісіях толькі для лукашыстаў-гультаёў

У Рэчыцкую акруговую выбарчую камісію зноў уключылі праўладнага партыйца-прагульшчыка.

Дзесяць з трынаццаці членаў камісіі Рэчыцкай выбарчай акругі № 44 ужо працавалі ў выбаркамах на парламенцкіх і прэзідэнцкіх «выбарах», піша ПЦ «Вясна».

Склад АВК ад «выбараў» да «выбараў» застаецца практычна нязменным. Як і на прэзідэнцкіх «выбарах», і на «выбарах» мясцовых дэпутатаў, уваходзяць туды мясцовыя чыноўнікі, начальнікі і ідэолагі. Напрыклад, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы педагагічнага каледжа Ірына Абрамовіч - вылучэнец ад грамадскасці, «Белай Русі». Іншая грамадская арганізацыя, «Беларускі фонд міру», вылучыла Віталя Атаманчука, які працуе намеснікам старшыні райвыканкама.

Уключаны ў акруговую камісію і прадстаўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Юрый Жураў. Прынамсі, працуе ён у акруговай камісіі не ўпершыню. Калі так можна сказаць - працуе. Напрыклад, на парламенцкіх «выбарах» у 2008 годзе ён не хадзіў на пасяджанні камісіі - і нічога страшнага!

Новыя, але свае людзі ў камісіі - старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Вячаслаў Папоў і «дэпутат» раённага савета, кіраўнік аддзялення «Белпрамбудбанка» Ларыса Баброўнік. Ад прафсаюза будзе працаваць у камісіі намеснік галоўнага ўрача па ідэалогіі раённай бальніцы Зінаіда Пузянкова. Таксама як прафсаюзны актывіст патрапіў у камісію галоўны інжынер райжылкамгаса Віктар Севярынец. Сядзеў ён у камісіі і на парламенцкіх, і на прэзідэнцкіх «выбарах», як і дырэктар Рэчыцкага філіяла РУП «Беларуснафта» Віктар Семчанка, вылучаны на гэты раз працоўным калектывам. Не могуць абысціся ніякія «выбары» без начальніка арганізацыйна-кадравай працы выканкама Рыгора Якушава, прычым вылучаны ён грамадзянамі. Дырэктар гасцінічнага комплексу «Рэчыцалюкс» Эдуард Ярашонак ужо ўдзельнічаў у працы выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх «выбарах», зараз ён вылучаны «ад грамадзян».

Дарэчы, у дзень стварэння акруговых камісій, 9 ліпеня, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА пісала, што «На грамадскія аб'яднанні прыходзіцца ў акруговых камісіях 99 прадстаўнікоў - ад БРСМ, «Белай Русі», аб'яднання ветэранаў, Чырвонага Крыжа, прафсаюзаў. Астатнія (члены камісій) - члены працоўных калектываў і простыя грамадзяне».

Праваабаронцы ўпарта шукаюць у акруговых камісіях тых самых астатніх - простых грамадзян, але пакуль, на жаль, ні аднаго не знайшлі. Затое высвятлілі, што за прафсаюзам, Чырвоным Крыжам і «Белай Руссю» хаваюцца начальнікі і чыноўнікі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках