27 верасня 2024, Пятніца, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін нагадаў, каму Беларусь абавязана ростам ВУП

333
Пуцін нагадаў, каму Беларусь абавязана ростам ВУП

Беларусь толькі за кошт паніжэння цэн на энерганосьбіты пры далучэнні да МС атрымала плюс 16% ВУП.

Аб гэтым заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 12 ліпеня ў Ялце на прэс-канферэнцыі са сваім украінскім калегам Віктарам Януковічам пасля заканчэння пасяджэння ўкраінска-расейскай міждзяржаўнай камісіі, паведамляе БелаПАН.

«Прычым я хачу вам сказаць, гэта далёка не толькі бонус - зніжэнне коштаў на энерганосьбіты, гэта як бы агульнае рашэнне ў кантэксце іншых пытанняў эканамічнага парадку. Ёсць і іншыя выйгрышы чыста сістэмнага характару», - прыводзіць словы Пуціна прэс-служба Крамля.

Паводле слоў Віктара Януковіча, пытанні далучэння Украіны да Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы Кіеў і Масква «і абмяркоўвалі, і абмяркоўваюць, і будуць працягваць абмяркоўваць», таму што гэта «напрамую звязана з нацыянальнымі інтарэсамі».

«Мы вельмі ўважліва сочым за поспехамі і тымі інтэграцыйнымі працэсамі, якія адбываюцца, - сказаў Януковіч. - Мы з'яўляемся назіральнікамі ў еўразійскай садружнасці, а з Мытным саюзам спрабуем зараз выбудаваць такія адносіны, якія былі б для нас ўзаемавыгадныя. Мы пастаянна знаходзімся ў дыялогу. Сёння я ўнёс прапанову, каб мы пачалі нашу эканамічную інтэграцыю на сектаральным узроўні. Думаю, што гэта добрая перспектыва для таго, каб інтэгравацца ў гэты саюз. Для пачатку».

Украінскі кіраўнік выказаў упэўненасць, што інтэграцыйныя працэсы, якія будуць ісці ў Еўрапейскім звязе і Мытным саюзе, «будуць толькі дапаўняць адзін аднаго: здымаць бар'еры ў знешнім гандлі, у руху фінансаў, рабочай сілы».

«Любая інтэграцыя заўсёды прыносіць толькі плюсы. Мы вітаем нашых калегаў, нашых сяброў, суседзяў аб тым, што яны ініцыятыўна прапануюць нам далучыцца да гэтага інтэграцыйнага працэсу. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што нас клічуць, гэта вельмі добра, а якой будзе будучыня, мы паглядзім у хуткім часе», - заявіў Януковіч.

Уладзімір Пуцін падкрэсліў: «Ні ў якім выпадку ніколі Расея, ды і нашы партнёры цяпер па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы нікому нічога не будуць навязваць». «Гэта быў бы самы контрпрадуктыўны крок у такіх пытаннях. Любая краіна павінна ўсё палічыць. Гэта ж, ведаеце, перш за ўсё эканоміка - палічыць свае плюсы і мінусы, якія яна набывае ад удзелу ў тых ці іншых інтэграцыйных працэсах. <...> Ёсць толькі адна акалічнасць, на якую мы заўсёды звяртаем увагу: працэс інтэграцыі ў рамках Мытнага саюза, ЕЗ ідзе, ствараюцца пэўныя ўмовы, пішуцца дакументы. І потым змяняць гэтыя дакументы для магчымых удзельнікаў гэтай арганізацыі будзе дастаткова складана, калі наогул магчыма, таму што гэта даволі цяжкі перамоўны працэс. Калі мы стваралі Мытны саюз, Адзіную эканамічную прастору, перамовы ішлі гадамі», - адзначыў Пуцін.

Напісаць каментар 333

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках