«Невыязны» Лябедзька судзіцца з МУС і Мінюстам
3- 17.07.2012, 10:40
17 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска будзе разгледжаны пазоў Анатоля Лябедзькі да МУС і міністэрства юстыцыі, пададзены ў сувязі з унясеннем яго ў спіс невыязных.
7 сакавіка бягучага года лідэра АГП, які выязджаў у Літву, затрымалі беларускія памежнікі. Пасля кансультацый яму было заяўлена, што ён знаходзіцца ў спісах грамадзян, якім забаронена пакідаць Беларусь, паведамляе прэс-служба АГП.
Анатоль Лябедзька звярнуўся ў суд, аднак яго зварот больш за тры месяцы праляжаў у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Як патлумачылі палітыку, гэта звязана з «вялікай загрузкай суддзяў».
Сам Анатоль Лябедзька тлумачыць сітуацыю так: «Улада патроху сыходзіць з розуму. Тое, што адбываецца нельга растлумачыць ні з прававога пункту гледжання, ні з пазіцыі здаровага сэнсу. Гэта адкрытая дыскрымінацыя грамадзян па палітычных поглядах».
У Цэнтральным судзе Менска працягваюцца пасяджэнні па скаргах грамадскіх дзеячаў, якія трапілі ў адмысловыя спісы, з-за якіх яны не змаглі выехаць за мяжу. 16 ліпеня ў Цэнтральным судзе Менска з прамежкам у дзве гадзіны пачаліся, але былі адкладзены з аднолькавым вынікам суды па скаргах невыязных старшыні БХК Алега Гулака і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, да якога маюць прэтэнзіі абвінаваўцы, у суд не з'явіліся ..
Разгляд скаргі Алега Гулака пройдзе ў 10 раніцы 21 ліпеня. Ужо праз 2 гадзіны, на 12 гадзін, гэтая ж суддзя прызначыла разгляд скаргаў Валянціна Стэфановіча і Андрэя Бандарэнкі.
У чэрвені суд Маскоўскага раёна Менска разглядаў аналагічную скаргу праваабаронцы Гары Паганяйла да Мінюста і МУС. Скарга была адхілена, хоць у судзе абвясцілі даведку з Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС, згодна з якой Гары Паганяйла няма ў спісе невыязных. «Гэта аказалася праўдай - пасля суду я двойчы з'ездзіў за мяжу без праблем», - паведаміў Гары Паганяйла.