Рабочым забараняюць падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў
16- 25.07.2012, 10:29
Рабочым Слуцкага цукрова-рафінаднага камбіната забаранілі падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Прэтэндэнт у кандыдаты па Слуцкай выбарчай акрузе Аляксандр Шыловіч не ў першы раз балатуецца ў «дэпутаты», піша ПЦ «Вясна».
51-гадовы прадпрымальнік з вёскі Падзерскія Агароднікі вылучаў сваю кандыдатуру на мінулых «выбарах» у мясцовыя саветы, але не быў зарэгістраваны. Паводле яго слоў, дзеянні акруговай камісіі ён абскардзіў у судзе, але беспаспяхова.
- Больш за дзесяць гадоў таму я быў дэпутатам сельскага савета і не даваў спакойна жыць раённаму начальству, вось яны і задзейнічалі адміністрацыйныя рычагі, каб не прапусціць мяне да ўдзелу ў «выбарах», - успамінае Аляксандр Шыловіч. - Тады мой канкурэнт па акрузе, старшыня сельсавета, асабіста правяраў сабраныя мной подпісы.
Мне адмовілі ў рэгістрацыі без тлумачэння прычын.
Як распавядае Шыловіч, праблемы ва ўзаемаадносінах з мясцовай уладай у яго ўзнікаюць рэгулярна. У перыяд прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ён уладкаваўся на сезонную працу качагарам у мясцовы клуб.
- Калі ідэолаг райвыканкама даведаўся, што я працую ў клубе, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак, мяне неадкладна адхілілі ад пасады як раз на перыяд «выбараў», - дадае суразмоўца.
Аляксандр Шыловіч быў здзіўлены, калі на гэты раз пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Слуцкай акруговай выбарчай камісіі яму прапанавалі адксеракапіраваць бланк заявы.
Столькі грошай вылучаецца з бюджэту на «выбары», а ў іх паперы няма! Падпісных лістоў далі толькі на тысячу подпісаў. Сказалі, што калі яшчэ спатрэбіцца - зробіце ксеракопію.
За два дні Аляксандр Шыловіч і яго каманда сабралі каля двухсот подпісаў.
- Толькі адзін раз я пачуў адмову, - прызнаецца прэтэндэнт у кандыдаты. - Мой знаёмы, які працуе на Слуцкім цукрова-рафінадным камбінаце, сказаў, што яго начальнік забараніў сваім супрацоўнікам аддаваць подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў.