Мытны саюз пакуль бескарысны
29- 26.07.2012, 11:37
За два гады, якія прайшлі з моманту стварэння Мытнага саюза, долі ўзаемнага тавараабароту ўсіх краін-удзельніц не змяніліся.
Больш за тое, лічбы захоўваюцца на ранейшым узроўні з 2005 года. Да такіх высноў прыйшоў інстытут «Цэнтр развіцця» Вышэйшай школы эканомікі ў даследаванні, праведзеным за 3,2 млн рублёў па замове Мінэканамразвіцця РФ, пішуць Известия.
У 2011 годзе доля рэгіянальнага тавараабароту ў сукупным аб'ёме знешняга гандлю краін-удзельніц не перавышае сярэднія значэнні за пяць гадоў да ўступлення пагаднення ў сілу (2005-2009 гады), адзначаюць аўтары. Паказчык даўно знаходзіцца ў межах 10-12%. Пры гэтым тавараабарот без уліку паліва мае больш ярка выяўленую тэндэнцыю да зніжэння.
На выніках, а дакладней на іх адсутнасці, адбіліся наступствы сусветнага крызісу і леташняя нестабільнасць Беларусі.
У Мінэканамразвіцця пацвердзілі высновы ВШЭ па тавараабароту, але таксама падкрэслілі, што пакуль рана рабіць паспешныя заключэнні аб эфектыўнасці працы Мытнага саюза. У Мінэканамразвіцця прыводзяць той жа аргумент пра крызіс. Другі момант: змяніліся структура гандлю, механізмы працы і пералік тавараў.
У Мінэканамразвіцця адзначаюць, што нават стабільныя паказчыкі краін, якія развіваюцца - гэта ўжо нядрэнна, бо з улікам усіх негатыўных хваляванняў у эканоміке краіны саюза змаглі захаваць на ранейшым узроўні паказчыкі тавараабароту. Калі разглядаць асобна Расею, то тут, на думку міністэрства, назіраецца больш аптымістычная карціна.
Паказчыкі ў Расеі па інтэнсіўнасці гандлю з 2009 па 2011 года выраслі ў 1,5 разы, у іншых краінах саюза павелічэнне назіраецца нязначнае. Імпарт Расеі з трэціх краін за два гады таксама падвоіўся, у краінах - удзельніцах Мытнага саюза такія паказчыкі павялічыліся ўсяго ў 1,5 разы. У Федэральнай мытнай службе салідарныя з Мінэканамразвіцця і ў доказ сваіх слоў заўважаюць, што ў Расеі аб'ём тавараабароту павялічыўся на трэць з 2010 па 2011 год.
Пра тое, што Беларусь нічога не страціла, але пакуль і не выйграла ад удзелу ў Мытным саюзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ год таму. Падводзячы прамежкавыя вынікі працы ў саюзе, ён назваў яго проста бескарысным.