24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Financial Times: «Беларуськалій» спрабуе падмануць Захад

12
Financial Times: «Беларуськалій» спрабуе падмануць Захад

Кампанія разлічвае не толькі абысці санкцыі, але і атрымаць танныя крэдыты.

Мякка кажучы, беларускія прадпрыемствы не карыстаюцца вялікай павагай у ЗША і ЕС. З-за аўтарытарнага характару ўлад, якія маюць звычку арыштоўваць актывістаў апазіцыі, супраць вядучых прыхільнікаў рэжыму і некаторых службовых асоб уведзены эканамічныя і візавыя санкцыі, піша буйнейшая міжнародная дзелавая газета Financial Times (пераклад - charter97.org).

Таму зразумела імкненне «Беларуськалія», адной з буйнейшых кампаній краіны, якая з'яўляецца вытворцай калійных угнаенняў, і яе расейскага партнёра «Уралкалія» экспартаваць практычна ўсю іх прадукцыю праз новае супольнае прадпрыемства «Саюзкалій», якое будзе зарэгістравана ў Швейцарыі.

«Уралкалій» і «Беларуськалій» прадаюць штогод каля 16-17 мільёнаў тон калійных угнаенняў, што складае амаль трэць ад цяперашняга ўзроўню іх спажывання ў свеце.

Новая кампанія дапаможа звесці да мінімуму рызыкі, звязаныя з уводзінамі новых санкцый у дачыненні вытворцы калійных угнаенняў, які з'яўляецца адным з асноўных дастаўнікаў замежнай валюты ў дзяржаўны бюджэт Беларусі.

ЗША ўжо ўвялі санкцыі супраць буйных нафтахімічных прадпрыемстваў, якія кантралююцца дзяржавай. Са свайго боку Еўрапейскі Звяз увёў санкцыі супраць больш, чым 30 кампаній, якія кантралююцца алігархамі, набліжанымі да Лукашэнкі.

Зараз «Беларуская калійная кампанія» (зарэгістраваны ў Менску адзін з буйнейшых пастаўшчыкоў калійных мінеральных угнаенняў у свеце, 50% акцый якога прыналежаць «Уралкалію», а 45% - «Беларуськалію») не можа разлічваць на танныя крэдыты. Пасля рэгістрацыі ў Швейцарыі яна атрымае доступ да іх. І «Уралкалію» і «Беларуськалію» вельмі патрэбны танныя рэсурсы для развіцця вытворчасці. Пры ўмове швейцарскай прапіскі «Саюзкалій» можа атрымаць ільготныя 2-3-адсоткавыя крэдыты.

Акрамя таго, улічваючы цяперашнюю напружанасць у адносінах паміж Лукашэнкай і Захадам, беларускім кампаніям цяжка мець справу з банкамі ў ЕЗ і ЗША. Напрыклад, у 2011 годзе BNP Paribas, Deutsche Bank і Каралеўскі Банк Шатландыі адмовіліся падтрымаць дзяржаўныя праекты ў Беларусі.

Беларускія ўлады абвясцілі, што новы трэйдар пачне працаваць у лютым 2013 года, але «Уралкалій» настроены менш аптымістычна. Яе генеральны дырэктар Уладзіслаў Баўмгертнер сказаў, што праект можа быць рэалізаваны толькі да канца наступнага года.

Стварэнню супольнага прадпрыемства папярэднічалі неаднаразовыя заявы з боку «Уралкалія» аб яго зацікаўленасці у куплі кантрольнага пакета акцый «Беларуськалія». Беларусь таксама неаднаразова абмяркоўвала прыватызацыю, але да пэўных прапаноў справа не даходзіла. Толькі ў 2011 годзе беларускія ўлады заявілі, што «Беларуськалій» можа быць ацэнены ў 30 мільярдаў даляраў, і яны гатовы прадаць любую частку на падставе гэтай цаны.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках