24 снежня 2024, aўторак, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Становішча палітвязняў яшчэ горш, чым раней

16
Павел Севярынец: Становішча палітвязняў яшчэ горш, чым раней

Палітвязень заклікае беларусаў да байкоту «парламенцкіх выбараў».

Павел Севярынец, які адбывае пакаранне на «хіміі», упершыню за 7 месяцаў пабываў дома. У інтэрв'ю charter97.org ён распавёў, чаму не спадзяваўся на вызваленне па амністыі і што, на яго думку, трэба рабіць беларусам для змены сітуацыі ў краіне.

- Вам адмовілі ў амністыі. А вы на яе разлічвалі?

- Не, таму што ведаў, што Еўразвяз не супрацоўнічае з рэжымам. ЕЗ не даў новыя крэдыты і Лукашэнка не вызваліць палітвязняў. Нават Дашкевічу падаўжаюць зняволенне.

- Некаторыя людзі не разумеюць, што такое «хімія», наколькі гэта складана. Хтосьці лічыць, што гэта амаль як на волі. Вы можаце развеяць гэты міф?

- Справа ў тым, што «палітычныя» на «хіміі» - асобная катэгорыя. Калі звычайным людзям з гэтым пакараннем можна і дадому адскочыць, і рыбу палавіць, то з «палітычнымі» усё вельмі строга. На 50 метраў ад варот можна адысці, толькі папярэдзіўшы дзяжурнага. Каб адысці далей, патрэбны пісьмовы дазвол начальніка. Адзін раз у тыдзень адпускаюць у царкву. Адзін дзень раз у паўгода праводжу дома. Астатні час я знаходжуся ў пакоі за кратамі або на працы. Гатую сам. Ёсць мабільнік, але кампутар мець забаронена. Калі госці прыязджаюць, дазваляюць сустрэчы, гэта прыемна. Можна пісаць лісты. «Хімія» - гэта нешта сярэдняе паміж умоўным арыштам і турмой. Тут, вядома, лягчэй, чым на зоне, але ты ўсё роўна заўсёды пад наглядам. І ў любы момант цябе могуць перавесці ў турму за любыя парушэнні. Большасць людзей з «хіміі» адсюль вышлі не на свабоду, а менавіта на зону за парушэнні.

На абгароджаную тэрыторыю спэцкамэндатуры можна выйсці толькі з дазволу дзяжурнага, а за тэрыторыю толькі па пісьмовай заяве.

- Як вы ставіцеся да таго, што Еўропа патрабуе вызваліць палітвязняў, але не прадпрымае жорсткіх мер у дачыненні да дыктатуры?

- Еўразвяз заняў прынцыповую пазіцыю, дастаткова простую. Дамаўляцца з рэжымам ён стаміўся. З Лукашэнкай нельга дамовіцца, ён дзейнічае толькі па паняццях. Не заплацілі - не выпусціў. А ў яго ў краіне дзесяць мільёнаў чалавек тавару. Пазіцыю ЕЗ я паважаю. Еўразвяз мог бы прыняць нейкія канкрэтныя меры, але я не ўпэўнены, што гэта рэальна магчыма і што гэта дасць вынік. Ёсць Расея, якая праспансіруе Лукашэнку ў большай ступені, чым Еўропа.

- Як вы можаце пракаментаваць становішча палітвязняў у турмах?

- Яно вельмі дрэннае. Яшчэ горш, чым раней. Улады сталі выкарыстоўваць артыкул 411 - які прад'явілі Дашкевічу. Таксама выкарыстоўваюць розныя метады ціску. Ад правакацый зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй турмаў і да прамых фізічных катаванняў. Я ўпэўнены, што людзі, якія прымаюць ва ўсім гэтым удзел, адкажуць і перад людскім судом і перад божым.

- Ці можна зараз легальна займацца апазіцыйнай дзейнасцю, калі большасць лідэраў апазіцыі знаходзяцца ў турмах або іх свабода абмежаваная?

- Можна і трэба. У той ступені, як Бог дае. Для кагосьці гэта распаўсюджванне інфармацыі праз інтэрнэт, для кагосьці праца з людзьмі на вуліцы, для кагосьці распаўсюджванне Евангелля. Бо людзі, якія вераць, куды больш настойліва змагаюцца з дыктатурай. Рабіць працу трэба не так, каб дзясяткі пакутавалі за мільёны, а каб дзейнічалі менавіта мільёны грамадзян. Трэба размаўляць з людзьмі, пераконваць іх. Рабіць хоць маленькія крокі, але каб яны былі масавымі і дружнымі. Гэта палепшыць і стан палітвязняў і наблізіць перамогу ў Беларусі. Нашы людзі, якія цяпер у турмах, героі, але яны адны не змогуць перамагчы. Трэба, каб дзейнічаў кожны. Каб кожны чытач незалежных СМІ, удзельнік дэмакратычных акцый, каментатар на навінавых сайтах разумелі гэта, задумваліся. Каб дзейнічалі хоць крыху.

- Наколькі, на ваш погляд, змянілася сітуацыя ў Беларусі пасля 19 снежня 2010 года?

- Складана параўноўваць. 19-га быў крытычны момант, а цяпер усё ў стагнацыі. Рэжым загніў, але і грамадства запалохана і абяскроўлена. Гэта вынік і неадэкватнасці улады і памылак, якія дапусцілі дэмакратычныя сілы. Але пры гэтым дзейнічаць зараз магчымасці больш, чым у мінулым годзе. Зараз ціск перанесены на палітвязняў. Праблема ў тым, што многія не гатовыя ісці нават на маленькія крокі. Няма разумення, што рабіць. А менавіта мы, дэмакратычныя сілы, адказваем за гэта разуменне.

- Як вы лічыце, ці варта апазіцыі восенню ўдзельнічаць у «парламенцкіх выбарах»?

- «Выбараў» няма і ніякага ўдзелу ў іх быць не можа. Тысячы людзей занятыя фальсіфікацыямі - гэта злачынства. Трэба раскрываць гэтыя злачынствы і байкатаваць «выбары». Па-першае, трэба зафіксаваць сапраўдную яўку. Колькі людзей прыйшло, каго прыгналі, колькі прагаласавала датэрмінова. Другое - даць інфармацыю ў інтэрнэт, каб людзі ўсё гэта ведалі. У нас 5 мільёнаў інтэрнет-карыстальнікаў у Беларусі. І трэцяе - трэба фарміраваць альтэрнатыву ўладзе. І туды не ўвойдуць тыя, хто ўдзельнічаў у «выбарах» «да канца».

Нагадаем, Павел Севярынец 16 траўня 2011 года быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў. 26 ліпеня 2012 года Севярынцу было афіцыйна адмоўлена ў амністыі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках