26 снежня 2024, Чацвер, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Томас Мазэцці: Звольненыя начальнікі вінаватыя не больш, чым Лукашэнка

32
Томас Мазэцці: Звольненыя начальнікі вінаватыя не больш, чым Лукашэнка

Арганізатары «плюшавага дэсанту» не чакалі такіх сур'ёзных наступстваў ад сваёй акцыі.

Так пракаментаваў БелаПАН учорашнія адстаўкі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў Томас Мазэцці, які пілатаваў лёгкаматорны самалёт, які парушыў дзяржмяжу Беларусі.

«Мы, прызнацца, не чакалі, што ў нашай акцыі будуць такія сур'ёзныя наступствы. Ведаеце, мы зрабілі гэта таму, што любім людзей Беларусі. У вас шмат добрых, адважных журналістаў, і мы проста хацелі паказаць ім нашу падтрымку. Мы ні ў якім разе не ставілі мэтай падставіць кагосьці пад звальненне, вымовы. Сэнс нашай акцыі быў у тым, каб паказаць: беларускі народ падтрымліваюць у свеце», - сказаў Мазэцці.

На яго думку, звольненыя начальнікі «вінаватыя не больш, чым сам Лукашэнка». «Але прэзідэнт Беларусі спрабуе знайсці кагосьці, на каго можна зваліць віну», - дадаў швед.

Мазэцці яшчэ раз падкрэсліў, што ўсю неабходную інфармацыю пра беларускую сістэму СПА ўдзельнікі «плюшавага дэсанта» без цяжкасцей знайшлі ў інтэрнэце. «Усё, што нам было трэба, мы адшукалі ў Сетцы. У беларускай СПА было зусім няцяжка разабрацца, паколькі гэта вельмі старая, не занадта добрая сістэма. Нам было нескладана яе абысці», - заявіў супрацоўнік Studio Total.

Ён таксама паведаміў, што арганізатары акцыі спрабавалі выйсці на кантакт з беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб інфармаваць іх аб сваіх дзеяннях. «Але яны чамусьці не хочуць з намі размаўляць. Я не ведаю, чаму», - сказаў Томас Мазэцці.

Самалёт са шведамі на борце перасёк мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня з боку Літвы. Над Івянцом і Менскам былі скінутыя сотні плюшавых медзведзянятаў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

Беларускія ваенныя і памежнікі адмаўлялі факт незаконнага перасячэння мяжы замежным самалётам, пакуль арганізатары акцыі не выклалі ў інтэрнэце відэа, якое пацвярджае яго.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў баяздольнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створана камісія, якая занялася праверкай усіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад займаных пасад старшыню Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

Акрамя таго, аб няпоўнай службовай адпаведнасці папярэджаны міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

КДБ тым часам расследуе крымінальную справу па факце перасячэння дзяржмяжы. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую справу, ніякіх каментароў КДБ не дае. Паводле неафіцыйных звестак, абвінавачванні прад'яўленыя двум фігурантам. Адзін з іх - 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Другі - Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы - удзельнікі акцыі маглі здымаць жыллё.

У дачыненні да Сурапіна ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 371 КК, ён абвінавачваецца ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, здзейсненаму арганізаванай групай асоб». Башарымаву нібыта ўжо прад'яўлена абвінавачванне ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках