24 снежня 2024, aўторак, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Такінданг: Навошта дарэмна марнаваць свой час?

4
Андрэй Такінданг: Навошта дарэмна марнаваць свой час?

Беларускі музыка не бачыць прычын удзельнічаць у «выбарах».

Музыка гуртоў «Рэха» і «Гаротніца» і мастак Андрэй Такінданг распавёў сайту charter97.org аб падрыхтоўцы новага альбома, відэазборніка і пра тое, што на «выбары» ён ісці не збіраецца.

«Зараз актыўна ідзе стварэнне дакументальнага фільма пра гурт «Рэха». У яго ўвойдуць відэа з нашых летніх канцэртаў, знакавых для нас. Таксама мы заканчваем дыск з васьмю кліпамі, два з якіх анімацыйныя і іх яшчэ ніхто не бачыў. Гэты дыск разам з фільмам ўвойдуць у наш відэазборнік», - падзяліўся музыка.

«Мы таксама запісваем новы аўдыёальбом. Але хутка мы запіс не скончым, таму што графік канцэртаў не дазваляе шчыльна працаваць у студыі. Мы ж працягваем тур па мястэчках і вёсках Беларусі, і рыхтуемся да традыцыйнага замежнага туру па Польшчы. Што датычыцца другога праекта «Гаротніца», то 25 жніўня мы будзем выступаць на фестывалі «Вольнае паветра». Запрашаем усіх, там будуць вельмі добрыя музыкі», - сказаў Андрэй Такінданг.

Таленавіты беларус займаецца не толькі музыкай, але і малюе карціны. Шмат увагі ў сваіх мастацкіх творах ён надае тэме веры.

«Я не так даўно вярнуўся з мастацкага пленэру ў вёсцы Крыжова пад Уроцлавам, гэта ў Польшчы. Там я працаваў над серыяй «Крыжовы шлях». Гэта традыцыйны рэлігійны сюжэт з 14 карцін. Усю серыю я пакінуў у вёсцы, таму што мне хацелася ў тых месцах пакінуць што-небудзь ад сябе», - распавёў музыка.

Пры такім багацці выступаў і паездак часу ўдзельнічаць у «выбарах» у Такінданга няма.

«Выбары»? Я на іх ісці не збіраюся. Навошта? Я вось падумаў, якія ў мяне ёсць прычыны ісці на «выбары» і не знайшоў ні адной. Дык навошта дарэмна марнаваць свой час?», - задаў ён рытарычнае пытанне.

Фота budzma.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках