Амбасадар Беларусі ў Кыргызстане паабяцаў выдаць Бакіева
37- 28.08.2012, 12:54
Віктар Дзенісенка, амбасадар Беларусі ў Кыргызстане, выйшаў да пратэстуючых і паабяцаў ушчыльную заняцца экстрадыцыяй Жаныша Бакіева.
«Амбасадар Беларусі Віктар Дзенісенка і намеснік міністра замежных спраў Кыргызстана Аскар Бешымаў сустрэліся з намі. Яны сказалі, што будуць садзейнічаць і ўшчыльную працаваць па экстрадыцыі Жаныша Бакіева», - сказаў сёння лідэр пратэстуючых, сустаршыня ГА «Мекен Шэйітэры» Арстан Сагындыкаў.
Члены арганізацыі ўжо другі раз выйшлі на мітынг каля будынка амбасады Беларусі, патрабуючы вярнуць Бакіева ў Кыргызстан, піша «Вячэрні Бішкек».
Таксама бакі дамовіліся, што будуць сустракацца кожныя тры дні для інфармавання аб ходзе работы.
«Мы пакуль не будзем ладзіць мітынгі. Калі ўлады ніякіх мер не распачнуць, то тады зноў пачнем нашы акцыі», - адзначыў Сагындыкаў.
Нагадаем, каля беларускай амбасады ў Кыргызстане прайшоў мітынг, у якім прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Члены арганізацый пацярпелых і загінулых у красавіцкіх падзеях 2010 года паспрабавалі прарвацца ў будынак амбасады, але ўваход блакавала служба аховы дыпмісіі і ўзмоцнены нарад міліцыі. Мітынгоўцы пачалі кідаць камяні ў вокны амбасады, а таксама разбілі шкло на стэндзе і гаршкі з раслінамі.
Пры гэтым МУС Кыргызстана не знаходзіць нічога супрацьзаконнага ў дзеяннях удзельнікаў мітынгу. «Яны патрабуюць экстрадыцыі былога прэзідэнта і яго сваякоў. Абураныя ўдзельнікі мітынгу перакулілі некалькі кветнікаў, разбілі стэнд з аб'явамі, але да хуліганства не дайшло», - цытуе прадстаўніка МУС інфармагенцтва www.24.kg.
Як паведамляў сайт charter97.org, актывіст «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» апублікаваў фатаграфіі Жаныбека Бакіева, які шпацыраваў па цэнтры Менска 17 жніўня.
Фотаздымкі выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаванні, Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзення кансультацый.
Былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.