25 снежня 2024, Серада, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Юрэвіч: Байкот – гэта найлепшае выйсце

5
Анатоль Юрэвіч: Байкот – гэта найлепшае выйсце

У народзе ўсе практычна ведаюць, што хадзіць на «выбары» нельга, трэба байкатаваць, лічыць кандыдат у дэпутаты.

Сёння з сайтам charter97.org падзяліўся сваім меркаваннем Анатоль Юрэвіч – актывіст са Случчыны, сябра БСДП(Г), кандыдат у дэпутаты.

- Што на Случчыне людзі гавораць пра «выбары»?

- Вось, я якраз з вёскі прыехаў, там размаўляў з людзьмі, дык нават у вёсцы ўсвядомілі, што на «выбары» ісці бессэнсоўна. Усе яны гавораць пра тое, што будзе Інэса Кляшчук, якую ўжо залічылі і якая дагэтуль ужо чатыры гады адседзела. Людзі не хочуць ісці на «выбары», яны разумеюць усю сітуацыю. Нават у вёсцы большасць кажа, што на «выбары» яны не пойдуць. Але, безумоўна, іх пагоняць з працоўных месцаў.

- Дык мы чыталі, што вы знялі сваю кандыдатуру…

- Не ведаю, хто з карэспандэнтаў даў такую інфармацыю. Я ім распавядаў, што падчас збору подпісаў людзі мне пачалі казаць: «Чаго вы ўсе аб'явілі аб байкоце, а зараз ходзіце і подпісы збіраеце, каб паўдзельнічаць?» І каля 60% людзей мне проста ў вочы заяўлялі, што мы на «выбары» не хадзілі і не пойдзем, бо нашыя галасы лічыць не будуць. Было б выдатна, каб гэтыя «выбары» не адбыліся ў многіх акругах.

- Ці паднялі ў Слуцку заробкі да абяцаных 500 даляраў?

- Пра што вы кажаце! Якія заробкі! Вось з маёй вёскі даяркі па 70 кароў дояць і атрымліваюць па 1,5, максімум па 2 мільёны. І гэта ў летні перыяд, калі надоі вялікія. І чатыры разы на суткі даіць трэба, спяць па пяць гадзін людзі.

- А кваліфікаваныя спецыялісты?  

- Па 500 даляраў? Вы што!? Людзі, калі хто атрымлівае дзвесце, дык гэта за радасць. І такога няма. Мільён, мільён дзвесце, паўтара мільёны. Можа, у энергетыцы, гандлі больш выходзіць. У бюджэтных установах такога няма. Жонка мая завучам працуе, дык 2 мільёны ледзь-ледзь.

- Дык ці ведаюць людзі ў Слуцку, хто іх «дэпутат»?

- Мабыць, ніхто, акрамя яе роднай вёскі, пра яе і не ведае. Яна нават у сваім родным кутку парадак не змагла навесці: за чатыры гады ні разу дарогу не  параўнялі, там чорт нагу зломіць.  Вось у газеце «Слуцкі край» друкавалася, што тое і тое яна робіць. Але каб такога чалавека ўбачыў, які б сказаў, што вось мне «дэпутат» дапамог, зрабіў, то не сустракаў. Адно ходзяць чуткі, што за гэтыя чатыры гады яна сабе двухпакаёвую кватэру ў Мінску прыдбала…

- Збіраецеся праводзіць агітацыю? За што будзеце агітаваць?

- Паспрабуем, але нікуды нас не дапускаюць. Вось на тэлебачанні мой выступ быў адцэнзураваны. Найбольш вострыя моманты выразалі. Але ў выступе я  сказаў: «Хадзіце - не хадзіце, вашы галасы ніхто лічыць не будзе!» Я заклікаў прыйсці перад закрыццём і праверыць, ці не ўкінулі за вас бюлетэнь. Байкот - гэта найлепшае выйсце. Гэтая ідэя вельмі добрая. Усім дэмакратычным сілам трэба было кансалідавацца вакол гэтай ідэі. Але, каб праводзіць байкот, трэба мець магчымасць працы з людзьмі. І хоць людзі не маюць інфармацыі, але ў народзе ўсе практычна ведаюць, што хадзіць на «выбары» не трэба, што трэба байкатаваць. Але, на жаль, няма актыўнага байкоту, няма агітацыі за байкот. А кандыдатаў зараз нікуды не дапускаюць, не даюць данесці інфармацыю да народа, якая б дала людзям ўпэўненасць у сваёй пастанове байкатаваць.

- Што, на вашую думку, можа змяніцца пасля «выбараў» у нашай краіне?

- Ніякіх зменаў не будзе. Людзі масава з'язджаюць з Беларусі ў пошуках працы.  

- Пасля Народных сходаў вас звольнілі, ці ўладкаваліся вы?

- Не ўзялі мяне нідзе на работу, не бяруць і не возьмуць. Вось паабяцаў узяць сябра-прадпрымальнік, але з райвыканкама затэлефанавалі і сказалі, што будуць непрыемнасці. А кожнаму свая болька баліць. Людзі баяцца нават да маёй кампаніі далучыцца, кажуць: «Вось цябе выгналі з работы, ходзіш абадраны, дык што ты хочаш, каб і я так хадзіў? Я не хачу ні ў чым удзельнічаць, мне маё месца працоўнае даражэй». Цяпер ужо не тыя людзі... Вось у нас жа Слуцкі збройны чын быў. Дык прыйшлі саветы і знішчылі самых лепшых людзей. Так і цяпер, хто нешта ўмее рабіць, усе з'язджаюць у пошуках працы. У нас на Случчыне ўжо працаваць няма каму. Паўсюль патрабуюцца спецыялісты, а плаціць не хочуць. А мяне і на мізэрны заробак не бяруць...

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках