22 снежня 2024, Нядзеля, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Кот: Вар'яцтва працягваецца

64
Анатоль Кот: Вар'яцтва працягваецца

«Беларусьфільм» ануляваў кантракт з вядомым акцёрам.

Паводле слоў выканаўцы адной з галоўных роляў у мастацкім фільме «Жыве Беларусь!» Анатоля Ката, яму скасавалі кантракт на здымкі ў сэрыяле з працоўнай назвай «Сляды апосталаў», які здымае дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм», перадае «Радыё Свабода».

Першы мастацкі фільм пра сучасны беларускі супраціў здымаўся цягам лістападу-снежня 2011 года ў Польшчы на дзяржаўнай кінастудыі «Wytwórnia Filmów Dokumentalnych i Fabularnych». Адзін са сцэнарыстаў — грамадзкі актывіст Франак Вячорка. Ён не хавае, што ў стужцы ўвасобленыя некаторыя дэталі яго біяграфіі. Фільм зняты на аснове рэальных падзей і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх людзей, якія праходзяць праз рэпрэсіі ў Беларусі. Бюджэт фільму — больш за 2 мільёны даляраў, замоўца і спонсар — Міністэрства культуры Польшчы. Рэжысэр стужкі — 35-гадовы паляк Кшыштаф Лукашэвіч, для якога гэта другая самастойная праца (у 2010-м як рэжысэр ён дэбютаваў фільмам «Лінч»).

Аснову карціны складаюць падзеі, якія адбываюцца ў цяперашняй Беларусі. Галоўны герой фільму — рок-музыка Мірон Захарка, якога іграе вядомы беларускі рэпэр Вінсэнт. Гэта зборны вобраз маладога змагара за свабоду сваёй Радзімы. Ролю ягонай сяброўкі выконвае польская акрыса Караліна Грушка, вядомая беларускім гледачам па фільме Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га» у ролі Юліі.

Тым часам адна з рэдкіх кінастужак пра сучасную Беларусь і на беларускай мове стала раздражняльнікам для дзяржаўнага афіцыёзу. Як расказаў выканаўца адной з роляў акцёр Анатоль Кот, удзел у здымках каштаваў яму кантракту з «Беларусьфільмам».

«Сапраўды, быў ужо расклад, графік, калі распачынаюцца здымкі. І ўвогуле былі дамоўленыя асноўныя моманты, уключна з тэрмінамі, засталося толькі падпісаць дамову. Але патэлефанавалі з кінастудыі, было толькі адно пытанне: «Анатоль, ты здымаўся ў фільме «Жыве Беларусь!»?» Я кажу: так, а што, нейкія праблемы? Там сказалі, што гэта насамрэч праблема, і вельмі відавочная. На самой справе смешна, дакладней — і смешна, і крыўдна, бо гэта проста невытлумачальна. Я сваім калегам тут, у Маскве, распавядаю гэтую гісторыю, дык яны спачатку гэта ўспрымаюць як жарт, а потым разумеюць, што вар’яцтва працягваецца. Магчыма, на «Беларусьфільме» ужо сапраўды існуе нейкі чорны спіс, не ведаю, як гэта нават назваць, але гэта глупства такое, што проста няма слоў.

Можна гаварыць пра маю грамадзянскую пазыцыю, пра маю годнасць ці нягоднасць, пра лаяльнасць да кагосьці, але мне ўвогуле шкада, што мае калегі, якія жывуць у Беларусі, пакутуюць ад гэтага. На самой справе гэта жахліва, бо людзі займаюцца сваёй працай. А калі ты не можаш нават нічога сказаць, то дзе мы жывём? Пра што казаць, калі людзі пляскаюць у далоні, а іх за гэта забірае міліцыя? Можна разважаць пра гэта, але ж бачыце, нават размаўляць пра гэта ўжо небяспечна».

Анатоль Кот кажа, што сам яшчэ не бачыў змантаванай версіі фільму і вельмі здзіўлены, што на «Беларусьфільме» канчатковы варыянт не толькі паглядзелі, але і ацанілі:

«На самой справе я яшчэ не бачыў стужкі. У Варшаву мяне ніхто не запрашаў, у Каны я таксама не ездзіў. Таму самому вельмі цікава было б паглядзець. Але, ведаеце, калі існуе такая рэакцыя, якую мы маем на сённяшні дзень, то хочацца верыць, і я маю такое спадзяванне, што стужка на самой справе адбылася. Бо калі б не адбылася, то ўсё было б ціха.

Памятаеце, у нас быў такі праект «Тутэйшыя»? Не хацелася б нікога пакрыўдзіць, але гэта быў, што называецца, першы блін. І, можа, таму, што ён не зусім атрымаўся, яго не заўважылі ні ўлады, ні ўвогуле гледачы. Ну, а калі ў гэтым выпадку так заўважылі, то толькі гонар стваральнікам. Значыць, пабачылі, бо нельга ж толькі па чутках забараняць людзей. Паводле трэйлеру таксама ўражання не складзеш, трэба глядзець цалкам. Таму ў мяне самога ёсць моцнае жаданне паглядзець. І хочацца толькі пажадаць, каб людзі і далей, наколькі гэта магчыма, працягвалі верыць і ў сябе, і ў лепшыя часы і для краіны, і для сябе. Найперш для сябе, бо калі будзе добра сабе і калі ты маеш годнасць, то і краіне будзе добра».

На кінастудыі «Беларусьфільм» не каментуюць наяўнасьць так званага «чорнага спісу» забароненых акцёраў, называючы гэта «прыдумкай».

У сваю чаргу, аўтары фільму «Жыве Беларусь!» разлічваюць перадусім на заходняга гледача, які зможа скласці пэўнае ўяўленне пра апошнюю дыктатуру Еўропы.

Упершыню трэйлер стужкі быў паказаны на Берлінскім кінафэстывалі сёлетняй вясной, а прэм’ерны паказ адбыўся на знакамітым фэстывалі ў Канах. 23 ліпеня закрыты паказ фільму «Жыве Беларусь» прайшоў у Варшаве. Афіцыйная прэм’ера прызначаная на верасень.

Кадр з фільма «Жыве Беларусь!»

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках