20 траўня 2024, панядзелак, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БТ назвала Карла Більта «інтэрнэт-тролем»

55
БТ назвала Карла Більта «інтэрнэт-тролем»

На дзяржаўных тэлеканалах выйшлі рэпартажы, прысвечаныя чарговаму дыпламатычнаму скандалу.

Афіцыйныя прапагандысты не пашкадавалі абразлівых эпітэтаў у адрас шведскіх палітыкаў, у першую чаргу - міністра замежных спраў краіны Карла Більта і амбасадара Стэфана Эрыксана. Стакгольм быў абвінавачаны ў «палітычнай істэрыі» і правядзенні «дэструктыўнай палітыкі» у дачыненні да нашай краіны.

Палітолаг Юрый Шаўцоў назваў Стэфана Эрыксана «самым няўдалым дыпламатам з усіх магчымых». Амбасадар быў абвінавачаны ў тым, што ён «абмяжоўваў свой круг зносін вузкім пластом маргінальных фігур, што і абумовіла незайздросны фінал яго дыпламатычнай місіі». Аб кіраўніку шведскага МЗС аўтары сюжэту сказалі, што ён «толькі і робіць, што троліць ў Твітэры».

Дасталася ад прапагандыстаў і герою казкі шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн. На іх думку, Карлсана ў Швецыі не паважаюць і лічаць хамам і падманшчыкам.

Натуральна, крокі беларускага МЗС у сюжэце былі названыя разумнымі і апраўданымі.

Нагадаем, сёння стала вядома, што Беларусь адклікае сваю амбасаду ў Швецыі і ўсіх яе супрацоўнікаў. У якасці прычыны адклікання дыппрадстаўніцтва МЗС назваў выправаджэнне са Швецыі двух беларускіх дыпламатаў. Гэта адбылося пасля рашэння беларускага боку пра непадаўжэнне акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Менску Стэфану Эрыксану.

Дыпламатычны скандал стаў працягам гісторыі шведскага «плюшавага дэсанта».

Як паведамляў сайт charter97.org, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёта да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзведзяў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў шведам кватэру. Маладым людзям прад'явілі абвінавачванні ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Ім пагражае да 7 гадоў турмы.

Лукашэнка таксама зняў з пасад старшыню Дзяржпамежкамітэта генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках