24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэжавю: Дыктатар абверг магчымасць дэвальвацыі

231
Дэжавю: Дыктатар абверг магчымасць дэвальвацыі

У распаўсюджванні чутак аб дэвальвацыі і дэнамінацыі кіраўнік абвінаваціў апазіцыю.

«Шмат цяпер ідзе размоваў, не ведаю, ад каго, з нагоды дэвальвацыі, дэнамінацыі і гэтак далей. Але сам праект бюджэту, вы бачыце, у трыльёнах цяперашніх рублёў, і мы там не прадугледжваем ніякай дэвальвацыі і тым больш дэнамінацыі», - прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба.

«Вы растлумачце людзям, што мы не пойдзем ні на якую дэвальвацыю. Няма такой неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту, - сказаў ён. - Мы сёння не стрымліваем курс. Які складаецца, такі складаецца. Я гэта старшыні Нацбанка сказаў пры прызначэнні і пастаянна кантралюю. Калі ў народзе нейкія ідуць шараханні, гэта хутчэй за ўсё ад гэтых нашых «свядомых», якія пачынаюць людзей запалохваць».

Старшыня Нацбанка Надзея Ермакова паведаміла, што асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2013 годзе будзе падтрыманне коштавай стабільнасці ў эканоміцы. Іншай важнай задачай з'яўляецца павелічэнне золатавалютных рэзерваў да ўзроўню, які забяспечвае эканамічную бяспеку краіны. Зыходзячы з неабходнасці павелічэння да канца пяцігодкі ЗВР да аб'ёму трохмесячнага імпарту з улікам яго росту, на 2013 год золатавалютныя рэзервы прагназуюцца на ўзроўні 8,7 млрд. даляраў, піша БелаПАН.

Інтэрвенцыі Нацбанка як па куплі, так і продажу замежнай валюты будуць праводзіцца толькі ў мэтах стрымлівання кароткатэрміновых рэзкіх ваганняў, запэўніла Ермакова. Паводле яе слоў, дынаміка стаўкі рэфінансавання будзе шмат у чым залежаць ад макраэканамічных умоў, у тым ліку ў знешнеэканамічнай сферы і на валютным рынку. «Пры спрыяльным развіцці сітуацыі і захаванні тых пазітыўных тэндэнцый у эканоміцы, якія маюць месца зараз, а таксама пры ўстойлівым запаволенні інфляцыі стаўка рэфінансавання да канца 2013 года можа знізіцца да 13-15% гадавых. Яе сярэднегадавое значэнне ў гэтым выпадку ацэньваецца на ўзроўні 15 - 16%», - адзначыла кіраўнік Нацбанка.

Лукашэнка пацікавіўся, ці не прыводзіць існуючая працэнтная палітыка да празмернай закрэдытаванасці прадпрыемстваў, асабліва тых, якія працуюць у інтарэсах дзяржавы і выконваюць яе заказы. Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч далажыў, што на патанненне для прадпрыемстваў фінансавых рэсурсаў у наступным годзе прадугледжваецца накіраваць каля 11,5 трлн. рублёў.

Нагадаем, напярэдадні леташняга крызісу магчымасць дэвальвацыі адпрэчвалі як сам дыктатар, так і кіраўнік Нацбанка.

Напісаць каментар 231

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках