25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карупцыйны скандал у адміністрацыі Лукашэнкі

57
Карупцыйны скандал у адміністрацыі Лукашэнкі

Адміністрацыя можа апынуцца ўцягнутай у скандал, звязаны з продажам зямлі.

Інфармацыі аб гэтым небывалым скандале пакуль вельмі і вельмі мала, але сумы, якія там ужо фігуруюць, уражваюць. Гаворка ідзе аб продажы 279 га зямлі каля вёскі Лапаровічы Менскага раёна, размешчанай уздоўж Менскага мора, піша «Ежедневник».

Тэму падняло Галоўнае ўпраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) МУС і Генеральная пракуратура. Гаворка ідзе аб нейкім загадкавым інвестары, які вельмі лёгка пры дапамозе Менаблвыканкама і адміністрацыі Лукашэнкі атрымаў у сваё распараджэнне 279 га зямлі каля Менскага мора.

У снежні 2009 года рашэннем Менскага гарвыканкама было зарэгістравана Сумеснае ТАА «ОКСЕСінвест», якое ўсяго праз тры месяцы, у лютым 2010 года, рашэннем Менскага абласнога выканаўчага камітэта атрымала ў сваё распараджэнне ў агульнай колькасці 279 га зямлі для рэалізацыі праекта «Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю пасёлка малапавярховай жылой забудовы з аб'ектамі інжынернага абслугоўвання, камунікацыямі і аб'ектамі сацкультбыту паблізу в. Лапаровічы».

Праектам было прадугледжана стварэнне адзінай сістэмы інжынерных сетак, унутрыквартальных дарог, зон адпачынку, аб'ектаў сацкультбыту (школы, дзіцячых садкоў-ясляў, будаўніцтва гіпермаркета, аўтазаправачнай станцыі, паліклінікі, плоскасных спартыўных збудаванняў, аўтаномнай станцыі ачысткі сцёкавых вод і будаўніцтва артэзіянскіх свідравін з камплектам абсталявання па водападрыхтоўцы) і г.д. агульны аб'ём інвестыцый складаў каля 430 мільёнаў еўра, пры гэтым сам інвестар павінен быў укласці усяго каля 7 мільёнаў даляраў. Усё астатняе павінны былі ўкласці дольшчыкі, якія выказалі жаданне жыць у элітным пасёлку, і іншыя інвестары, якія захацелі б будаваць там гіпермаркет, АЗС, спартыўныя збудаванні і іншыя аб'екты.

Праўда пасля выдзялення зямлі і зацвярджэння Міністэрствам эканомікі інвестыцыйнай дамовы, аб рэалізацыі праекта два з паловай гады наогул нічога не было чуваць. Да апошняга часу. На днях ГУБЭЗ МУС спыніла спробу гандлю той самай элітнай зямлёй, якая была выдзелена пад рэалізацыю інвестпраекта.

Па папярэдніх дадзеных, дырэктар інвестыцыйнай кампаніі СТАА «ОКСЕСінвест», якая і павінна была рэалізоўваць праект, падбухторваў дырэктара іншай замежнай прыватнай кампаніі да дачы хабару службовым асобам адміністрацыі Лукашэнкі і Менаблвыканкама «за спрыяльнае рашэнне пытання аб набыцці ва ўласнасць у дзяржавы ўчастка зямлі, агульнай плошчай 279 га, прадастаўленага СТАА «ОКСЕСінвест» раней у рамках інвестыцыйнай дамовы». Прычым сума хабару ўражвае і б'е ўсе рэкорды хабару ў Беларусі.

Паводле аператыўных звестак, падазраваны патрабаваў 5 мільёнаў даляраў і 17 участкаў зямлі (гэта яшчэ каля 500 тысяч даляраў) у тым самым элітным пасёлку.

Для параўнання, на рынку адзіная сотка зямлі ў Лапаровічах прадаецца па кошце каля 3 тысяч даляраў, так што агульны кошт прадмета здзелкі (279 га) складаў больш за 8 мільёнаў даляраў. Іншымі словамі, чысты прыбытак ад здзелкі з улікам усіх выдаткаў на хабары атрымліваўся ў раёне 2.5 мільёнаў даляраў.

Па факце падбухторвання да дачы хабару ў дачыненні да дырэктара СТАА «ОКСЕСінвест» узбуджаная крымінальная справа па ч.5 арт.16, і ч.2 арт.431 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Паколькі расследаванне толькі пачалося няяснымі застаюцца шмат пытанняў. Якім чынам зусім новая на рынку кампанія атрымала ў сваё распараджэнне такі прынадны кавалак зямлі? Чаму інвестпраект так і не быў рэалізаваны, і якім чынам ён стаў прадметам карупцыйнага гандлю? І, самае галоўнае, якую рэальную ролю ва ўсім гэтым адыгралі чыноўнікі адміністрацыі Лукашэнкі і Менаблвыканкама? Бо цалкам відавочна, што вырашыць пытанне з такім велізарным участкам зямлі, у такім прэстыжным месцы, ды яшчэ калі ён вылучаны пад рэалізацыю інвестпраекта, без удзелу вельмі і вельмі ўплывовых чыноўнікаў не проста складана, а немагчыма.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках