23 снежня 2024, панядзелак, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына: Боршч стаў культавай стравай, хай раздаюць

28
Ярмошына: Боршч стаў культавай стравай, хай раздаюць

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пракаментавала акцыю па раздачы баршчу ў Менску 18 верасня.

«Вы ведаеце, страва культавая, хай частуюць», - сказала Ярмошына, адказваючы на пытанне, ці ведае яна, што сёння на вуліцах Менска раздаюць боршч.

Пікет па раздачы баршчу «ад Лідзіі Ярмошынай» спрабавалі правесці сёння каля ўніверсама «Фрунзенскі» актывісты кампаніі «Гавары праўду!» і яе моладзевай арганізацыі «Zмена», піша БелаПАН.

Падставай для акцыі стала вядомая заява Ярмошынай, зробленая 20 снежня 2010 года на прэс-канферэнцыі па выніках прэзідэнцкіх выбараў пасля жорсткага разгону ўдзельнікаў мітынгу апазіцыі каля Дома ўрада. Ярмошыну тады спыталі, ці лічыць яна апраўданымі дзеянні сіл правапарадку ў адносінах да ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Менску 19 снежня. На рэмарку журналіста, што сярод дэманстрантаў былі жанчыны, Ярмошына заявіла: «Вы ведаеце, гэтым «жанчынам» рабіць няма чаго. Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі. Мне ў галаву гэта не прыйдзе. Гэта ганьба для жанчыны - удзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Я яшчэ разумею, калі яна дзяўчына дурная, маладая, так маладых людзей шмат. А калі жанчына ва ўзросце ідзе, значыць, у яе, прабачце, штосьці з інтэлектам не ў парадку».

Сёння неўзабаве пасля пачатку пікету па раздачы баршчу яго ўдзельнікі і журналісты былі затрыманыя невядомымі ў цывільным. Затрыманых пасадзілі ў аўтобус з зацемненым шклом і павезлі ў невядомым накірунку.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, затрыманыя відэааператары БелаПАН Павел Падабед, незалежны аператар Аляксандр Баразенка, фатографы Таццяна Зяньковіч, Сяргей Грыц (Associated Press) і Васіль Фядосенка (Reuters), а таксама здымачная група нямецкага тэлеканала ZDF. Некаторыя журналісты атрымалі траўмы.

Кампанія ГП таксама паведамляе аб затрыманні актывістаў «Zмены» Аляксандра Арцыбашава і Паўла Вінаградава.

Нагадаем, што ўсе выбарчыя кампаніі, якія прайшлі ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўніку Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў «выбараў» забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках