24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Граніце» паменшылі зарплаты пасля падаўлення пратэстаў

33
На «Граніце» паменшылі зарплаты пасля падаўлення пратэстаў

Пра гэта паведамляюць рабочыя прадпрыемства.

Начальства пакуль сітуацыю не тлумачыць, але рабочыя не пратэстуюць. Актывісты незалежнага прафсаюза лічаць, што на такі крок кіраўніцтва прадпрыемства змагло пайсці пасля падаўлення пратэстаў рабочых, перадае «Радыё Свабода».

Пра тое, што на «Граніце» сталі меншымі зарплаты, паведаміў экскаватаршчык Леанід Дубаносаў:

«Зарплаты ўпалі на паўтара-два мільёны ў экскаватаршчыкаў. У кіроўцаў «БелАЗаў» яшчэ больш ўпалі - да трох мільёнаў».

У чэрвені зарплата на «Граніце» была паднятая ў два разы, і кіроўцы самазвалаў сталі зарабляць 8 і больш мільёнаў рублёў. Леанід Дубаносаў мяркуе, што гэта было зроблена толькі для таго, каб збіць хвалю пратэсту рабочых:

«Тады паднялі зарплату, каб стыхію гэтую збіць... Усё гэта на два-тры месяцы. Так яно і атрымалася. Ужо бачаць, што людзей мала засталося ў незалежным прафсаюзе... »

Работніца іншага мікашэвіцкага прадпрыемства - завода жалезабетонных вырабаў - распавяла, што зарплаты скараціліся і ў іх:

«Цяпер выдалі нам да Дня будаўніка 600 тысяч прэміі, і зарплата засталася такой жа. Але калі адняць гэтую прэмію - то зарплата нашмат менш... »

Яна кажа, што, тым не менш, пратэставаць людзі не збіраюцца:

«Вельмі баяцца, таму што ёсць шмат жанчын, якія самі жывуць, без мужоў. І гэта адзіны іх прыбытак. І сядзяць, маўчаць, нічога зрабіць не могуць, таму што з імі не працягнуць кантракт... »

Кіраўнік аддзялення незалежнага прафсаюза на «Граніце» Алег Стахаевіч кажа, што для таго, каб дамагацца лепшай зарплаты, рабочым не трэба маўчаць:

«Мы стварылі незалежны прафсаюз для сістэмнага вырашэння праблем, а не для аднаразовай успышкі, якая мае ўласцівасць згасаць... Гэта - выдатная нагода для працоўных задумацца над сітуацыяй і прыняць правільнае рашэнне з разуменнем таго, што ніхто, акрамя нас, нашы праблемы вырашаць не будзе. Хто змагаецца, той заўсёды мае шанец перамагчы, а хто спыніў супраціўленне - той страціў усё... »

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках