За «боршч ад Ярмошынай» - буйныя штрафы і суткі
22- 19.09.2012, 17:46
У Фрунзенскім судзе Менска пачаліся суды над затрыманымі ўчора актывістамі «Zмены».
Усіх актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Актывістку «Zмены» Ганну Курловіч суддзя Людміла Лапо пакарала штрафам у памеры 20 базавых велічынь - 2 млн. рублёў, піша ПЦ «Вясна». Аляксандра Арцыбашава суддзя Зміцер Лукашэвіч прысудзіў да 10 сутак арышту. Паўлу Вінаградаву далі 12 сутак арышту. З іх за пікетаванне - 7, нібыта за брыдкаслоўе - 5. Ягора Віняцкага прысудзілі да 7 сутак арышту.
Нагадаем, учора каля ўніверсама «Фрунзенскі» у Менску актывісты моладзевай арганізацыі «Zмена» збіраліся правесці чарговы пікет з заклікам байкатаваць «выбары».
Маладыя людзі зладзілі сімвалічную раздачу баршчу.
Пасля пачатку пікету на актывістаў «Zмены» і журналістаў накінуліся людзі ў цывільным, збілі іх і затрымалі. Былі затрыманыя Аляксандр Арцыбашаў, Павел Вінаградаў, Ягор Віняцкі і Ганна Курловіч. Журналістаў вызвалілі праз некалькі гадзін.
Ноч маладыя людзі правялі ў турме на Акрэсціна.