Дзярждэп ЗША назваў Бяляцкага праваабаронцам года (Фота)
14- 25.09.2012, 18:27
Сёння ў Варшаве жонка зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага атрымала для яго прэстыжную прэмію Human Rights Defenders Award.
Гэтай узнагародай штогод найбольш выбітных праваабаронцаў свету ўзнагароджвае Дзярждэпартамэнт ЗША.
Прыём з нагоды ўзнагароджання Алеся Бяляцкага адбыўся ў амбасадзе ЗША ў Польшчы.
На ім прысутнічалі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы, польскія і амерыканскія дыпламаты, у тым ліку: намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і праў чалавека Томас Меліа, кіраўнік Аддзела Сярэдняй Азіі і Каўказу ва Усходнім дэпартаменце МЗС Польшчы Пётр Івашкевіч, кіраўнік Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі, кіраўнік фонду «Свабода і дэмакратыя» Томаш Пісула, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, сястра экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і лідэр грамадзянскай кампаніі Free Belarus Now Ірына Багданава, кіраўнік выбарчага штаба Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец, былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў, судырэктары Беларускага дома ў Варшаве Зміцер Бародка і Алесь Зарэмбюк, дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рымашэўская-Гузы, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, дачка былога палітвязня Зміцера Бандарэнкі Юлія і іншыя.
Амбасадар ЗША ў Варшаве Лі Фэйнстэйн, уручаючы ўзнагароду Алесю Бяляцкаму, адзначыў, што дэмакратыя і правы чалавека заставаліся і застаюцца ў цэнтры ўвагі Вашынгтона:
«У нядзелю ў Беларусі быў дзень сурка. Гаворачы дыпламатычнай мовай АБСЕ, чарговыя «выбары» не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Рэжым трымаецца на цынічных маніпуляцыях і жорсткіх рэпрэсіях, а Беларусь працягвае свой рух да самаізаляцыі. Гэты напрамак быў вызначаны ў снежні 2010 года, калі людзі, якія адважыліся кінуць выклік рэжыму, былі кінутыя ў турмы.
Адным з самых адважных змагароў за свабоду і правы чалавека быў і застаецца Алесь Бяляцкі, які стаяў каля вытокаў беларускага дэмакратычнага руху і быў заснавальнікам праваабарончага цэнтра «Вясна». Сёння, у дзень яго пяцідзесяцігоддзя мы аддаём даніну яго адвагі».
На цэрымоніі выступіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і праў чалавека Томас Меліа:
«Алесь вярнуўся ў Беларусь, ведаючы аб сваім магчымым арышце. Нешматлікія гатовыя пайсці ў турму за сваю веру ў свабоду і правы чалавека. Я пазнаёміўся з Алесем ва Уроцлаве, калі ён атрымліваў прэмію Свабоды. Тады ён сказаў: «Беларусь заўсёды была і будзе часткай Еўропы. Мы не можам дапусціць, каб у ёй правіла дыктатура. Наша арганізацыя называецца «Вясна». І гэта сімвал вяртання Беларусі ў еўрапейскую сям'ю». Прадстаўнік Дзярждэпа ЗША адзначыў, што Хілары Клінтан уважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі. «Не так даўно яна сустракалася з Наталляй Радзінай, якая прысутнічае тут, і іншымі беларускімі дысідэнтамі і ведае аб сітуацыі з беларускімі палітвязнямі», - сказаў Томас Меліа.
Выступіў таксама кіраўнік Камісіі па замежных справах Сейма Польшчы Гжэгаж Схетына:
«Сёння гэтая прэмія ўручаецца Алесю Бяляцкаму, які з'яўляецца ўвасабленнем тых, хто змагаецца за свабоду ў розных краінах і на розных кантынентах.
Калі Алесь быў арыштаваны, я пакляўся, што ніхто і ніколі больш не будзе арыштаваны з-за таго, што ў нейкага польскага чыноўніка не хапіла адказнасці або ўяўлення. Я таксама пакляўся, што польскі сейм і польскі сенат ніколі не забудуць Алеся Бяляцкага, пакуль ён у турме.
Сёння тут прысутнічае Наталля Пінчук. Яе барацьба за свабоду мужа - прыклад адвагі для ўсіх нас. Мы жадаем усяго добрага вам і вашай краіне. Жыве Беларусь!»
Амбасадар ЗША таксама зачытаў зварот дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан, у якім гаворыцца, што «на жаль, на гэтую ўзнагароду было шмат прэтэндэнтаў. Шмат адважных людзей сядзяць сёння ў турмах за тое, што змагаліся за правы чалавека. Але ёсць і шмат людзей, якія змагаюцца за тое, каб гэтыя людзі набылі свабоду.
ЗША вітаюць тых, хто змагаецца за свабоду і правы чалавека, нягледзячы на пераслед з боку ўлад. Атака на правы чалавека - гэта не проста атака на гэтых адважных людзей. Гэта атака на ўсё тое, у што мы верым. Рэпрэсіі супраць Алеся - толькі адзін з прыкладаў тых дзеянняў, якія ўтрымліваюць беларускі народ ад свабоды і росквіту. Дэспатыі не вечныя. І мы верым, што прыйдзе той дзень, калі беларусы змогуць самі вызначаць сваю будучыню».
Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук падзякавала за ўзнагароду і сказала:
«Гэта вялікі гонар і вялікая падтрымка, высокая адзнака прынцыповасці Алеся ў адстойванні праў чалавека. У ліку ўзнагароджаных гэтай прэміяй - адважныя людзі з усяго свету. І мой муж заслужыў права быць сярод іх. Ён ведаў, што можа здарыцца з тым, хто змагаецца за свабоду, але не адступіў.
Сёння Алесь ў турме, дзе знішчаюць яго здароўе, але яго ўчынкі не былі марнымі.
Яму вельмі важна ведаць, што ЗША падтрымліваюць правы чалавека ў Беларусі. Гэтая прэмія - голас Амерыкі ў падтрымку Алеся і ўсіх тых, хто ахвяруе сваім здароўем, сваёй свабодай і сваімі жыццямі за свабоду Беларусі.
Мы ведаем, што праўда за намі!»