26 снежня 2024, Чацвер, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Любоў Кавалёва: «Я жыву, каб рэабілітаваць сына»

61
Любоў Кавалёва: «Я жыву, каб рэабілітаваць сына»

Маці пакаранага Уладзіслава Кавалёва распавяла пра змест нагляднай скаргі, пададзенай у Вярхоўны суд.

Любоў Іванаўна таксама падзялілася, чаму перастала наведваць царкву і якім прыходзіць Улад у яе сны, піша «Салідарнасць».

Напярэдадні Любоў Кавалёва разам з адвакатам Станіславам Абразеем падалі наглядную скаргу на прысуд у дачыненні да Уладзіслава Кавалёва ў Вярхоўны суд.

- Мы ведаем, якім будзе адказ, - у голасе мамы Улада Кавалёва асуджанасць. - Калі пры жыцці сына ўлады не пускалі да яго адваката і паспяшаліся яго расстраляць. Аб усіх парушэннях Крымінальна-працэсуальнага кодэкса падчас следства і суда мы напісалі.

Згадалі і відэазапіс з метро з элементамі фотамантажу, і вынікі экспертызы, згодна з якім ні на вопратцы, ні на целе ў Зміцера Канавалава і Улада Кавалёва не выяўлена слядоў выбуховых рэчываў. Не знайшлі іх і ў кватэры, якую зняў Зміцер.

- Пакуль вялося следства, адваката да Улада дапусцілі толькі адзін раз! - узгадвае Любоў Кавалёва. - Яны бачыліся толькі падчас следчых дзеянняў. А тыя некалькі месяцаў, якія доўжыўся судовы працэс, адвакат размаўляў з сынам не больш за две з паловай гадзіны. Улад мог пагутарыць з адвакатам, толькі калі яго прыводзілі ў клетку, а суд яшчэ не пачаўся. Нічога не змянілася і пасля вынясення прысуду: адваката не пускалі ў СІЗА КДБ. Майго сына проста пазбавілі права на абарону і магчымасці абскардзіць прысуд! Гэта даказвае і тое, што на судзе большасць хадайніцтваў адвакатаў былі адхіленыя.

Да гэтага часу невядома, хто былі рабочыя, якія праводзілі рамонт 10 красавіка (за дзень да тэракту) на станцыі метро «Кастрычніцкая» або «Купалаўская», каму належала сім-карта расейскага аператара «Мегафон», знойдзеная ў кватэры, якую здымаў Канавалаў. Потым гэтую картку знішчылі як рэчдок.

Улад пісаў даверанасці на маё імя, каб я магла прадстаўляць яго інтарэсы ва ўсіх арганізацыях па абароне праў чалавека, у тым ліку і міжнародных. Але ні адну з іх мне не перадалі. Адміністрацыя СІЗА КДБ пазбавіла майго сына магчымасці звяртацца за абаронай ад самавольства судовай сістэмы ў міжнародныя арганізацыі.

- На папярэднім следстве Улад даў прызнальныя паказанні толькі таму, што супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю размаўлялі з ім без адваката, - упэўнена Любоў Кавалёва. - Гэта супярэчыць закону. Усе следчыя дзеянні павінны праводзіцца пры ўдзеле абаронцы. Акрамя таго, Улада дапытвалі нават у начны час. На судзе мой сын адмовіўся ад тых паказанняў, зробленых пад ціскам. Пра тое, што да Улада ўжываліся сілавыя метады, сведчаць і цялесныя пашкоджанні, якія зафіксаваныя падчас папярэдняга следства. Ніхто гэтыя факты не расследаваў! Яны яго катавалі, каб выбіць прызнальныя паказанні, на падставе якіх суд потым прызнаў Улада вінаватым. Нягледзячы на тое, што сам ён ад іх адмовіўся.

Любоў Кавалёва абараняе не толькі свайго сына, але і Зміцера Канавалава.

- Па заключэнні экспертаў ФСБ РФ, Дзіма і чалавек, зафіксаваны на відэазапісы ў метро, не падобныя.

Маму Дзімы Канавалава Любоў Кавалёва нядаўна выпадкова сустрэла ў краме.

- Што цяпер... Чалавека ўжо няма, - сказала маці пакаранага.

- Я разумею, чаму яна так сябе вяла падчас следства і суда, - кажа Любоў Кавалёва. - У іх уся сям'я была ў заложніках. Яна магла страціць і мужа, і другога сына. Яны ж некалькі месяцаў пасля тэракту правялі пад вартай.

Пасля пакарання смерцю Улада Кавалёва прайшло ўжо больш за паўгода.

- Ён мне сніцца часам. Чамусьці падлеткам, - плача мама Улада. - Я адчуваю яго прысутнасць. Усе 24 гадзіны ён са мной.

Любоў Кавалёва прызнаецца, што ёй лягчэй на людзях.

- Мяне падтрымліваюць. Разумею, што я не адна са сваім горам. Незнаёмыя людзі падыходзяць да мяне на вуліцы і кажуць: «Мы з вамі! Трымайцеся!».

У царкву мама пакаранага больш не ходзіць.

- Царква павінна была першай выступіць за адмену смяротнага прысуду, - лічыць яна. - А ў Бога я веру і малюся за сына дома. Я і жыву цяпер для таго, каб рэабілітаваць хлопцаў.

11 красавіка 2011 года на станцыі «Кастрычніцкая» менскага метрапалітэна спрацавала магутнае самаробнае выбуховае прыстасаванне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацвёра памерлі ў шпіталях. Цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 33 чалавекі, менш сур'ёзныя раненні - 70 чалавек. Усяго пацярпела больш за 300 чалавек.

Вінаватымі ў здзяйсненні тэракту суд прызнаў Зміцера Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яны былі прысуджаныя да смяротнага пакарання. 17 сакавіка 2012 года стала вядома, што прысуды прыведзены ў выкананне.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках