Віктар Івашкевіч: Агітацыя за байкот ўжо фактычна забаронена
14- 28.09.2012, 16:10
Нягледзячы на тое, што людзям заміналі і забаранялі праводзіць пікеты за байкот, ён усё роўна адбыўся.
Адзін з лідэраў беларускай апазіцыі Віктар Івашкевіч пракаментаваў сайту charter97.org заяву старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што агітацыю за байкот прыраўняюць да грамадска-масавых мерапрыемстваў.
«Гэта сведчыць аб тым, што байкот адбыўся. І ўлада пост-фактум думае аб прыняцці дадатковых законаў, каб у будучыні засцерагчы сябе», - сказаў Віктар Івашкевіч.
«Але на самой справе, агітацыя за байкот і цяпер фактычна забаронена. Улада не глядзіць на законнасць. Але нягледзячы на тое, што людзям заміналі і забаранялі праводзіць пікеты за байкот, ён усё роўна адбыўся», - адзначыў палітык.
«Так што нічога не зменіцца. Хочуць пасадзіць пікетоўцаў за байкот - скажуць, што яны лаяліся матам, як ужо было. У нашай неправавой краіне новыя законы не маюць ніякага значэння, яны бессэнсоўныя», - лічыць адзін з лідэраў апазіцыі.
«Калі рэжыму трэба, ён дзейнічае і ў парушэнне ўласных законаў. Але грамадская агітацыя будзе праходзіць, няхай яны хоць тысячу законаў прымуць. Улада парушае ўсе законы і вызваляе сябе ад адказнасці, і грамадства таксама цяпер не надае ім значэння. Усе дзейнічаюць зыходзячы з мэтазгоднасці і магчымасцей», - упэўнены палітык.
Нагадаем, 28 верасня Ярмошына заявіла журналістам, што норма аб правядзенні агітацыі за байкот «выбараў» будзе вынесена з падзелу аб перадвыбарнай агітацыі. Цяпер такая агітацыя будзе праводзіцца ў рамках усіх грамадска-масавых мерапрыемстваў, а не па спрошчаным заяўным прынцыпе. Калі ўлічыць, што ў Беларусі грамадска-масавыя мерапрыемствы фактычна знаходзяцца пад забаронай, то гэта прывядзе да таго, што весці агітацыю за байкот «выбараў» на вуліцы будзе немагчыма.