У менскім метро ўводзяць аплату пластыкавай карткай
23- 3.09.2012, 15:40
З 5 верасня менчукі змогуць аплаціць праезд у метрапалітэне банкаўскай пластыкавай карткай.
Адпаведны праект запускае Менскі метрапалітэн сумесна з «БПС-Ашчадбанкам». Да разлікаў прымаюцца карты плацежных сістэм «БелКарт», Visa і MasterCard. Пра гэта Onliner.by паведаміла прэс-сакратар «БПС-Ашчадбанка» Аляксандра Каштанава.
Новая паслуга на першым этапе рэалізавана для пасажыраў самай загружанай станцыі метро - «Кастрычніцкая», за ёй рушыць услед падключэнне і астатніх станцый.
Пакуль, на жаль, з дапамогай пластыкавых картак можна ўсяго толькі купіць звычайны жэтон. Аднак у будучыні, магчыма, карткай можна будзе аплаціць праезд наўпрост, праз тэрмінал.
«Таксама ў сумесных планах Менскага метрапалітэна і «БПС-Ашчадбанка» шмат новых перадавых ідэй і рашэнняў па развіццю сучасных фінансавых разліковых сістэм, што дазволіць зрабіць паездкі для менчукоў больш даступнымі і камфартабельнымі», - адзначыла Аляксандра Каштанава.