Віктара Карняенку распранулі і абшукалі на мяжы
3- 5.09.2012, 12:28
Аднаго з каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары» вызвалілі толькі ў 2 гадзіны ночы.
Як паведамляў сайт charter97.org, Віктар Карняенка быў затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы. Палітык вяртаўся з Вільні ў Менск.
Паводле яго слоў, на памежным пераходзе «Каменны Лог» да машыны падышлі людзі ў форме, забралі ў яго пашпарт і з «зялёнага» перанакіравалі на «чырвоны» калідор. «Далей мне сказалі, што ёсць пастанова аб даглядзе машыны і рэчаў. Машыну накіравалі ў бокс, старанна агледзелі, а таксама агледзелі рэчы. Зразумела, нічога не знайшлі. Потым мне сказалі, што ёсць пастанова з Менска - правесці асабісты дагляд. Мяне прымусілі зняць вопратку, яе таксама абшукалі. У мяне пры сабе была невялікая сума грошай, тэлефон, акуляры, ключы - уласна, вось і ўсе мае рэчы. У выніку нічога не знайшлі і прыкладна а другой гадзіне ночы мяне прапусцілі праз мяжу», - сказаў Карняенка ў інтэрв'ю БелаПАН.
Сам ён звязвае такую ўвагу да сябе з кампаніяй назірання за выбарамі. «Зразумела, гэта звязана з выбарамі і з маім удзелам у ЦВК - я з'яўляюся членам ЦВК з правам дарадчага голасу ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Таму ўлады выкарыстоўваюць такі маральна-псіхалагічны ціск. Зрэшты, нічога новага ў гэтым няма - раней мяне так абшуквалі кожны раз пры перасячэнні мяжы. Потым на некаторы час гэта спынілася, а зараз, перад выбарамі, аднавілася. Таму ні чым іншым, акрамя выбарчай кампаніі, такую ўвагу да сябе я растлумачыць не магу», - заявіў Карняенка.