25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына адмовілася абмяркоўваць папраўкі ў Выбарчы кодэкс

39
Ярмошына адмовілася абмяркоўваць папраўкі ў Выбарчы кодэкс

Цэнтрвыбаркам адмовіўся праводзіць грамадскае абмеркаванне прапаноў аб унясенні паправак у выбарчае заканадаўства.

Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

У адказе на прапанову, падпісаным кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, адзначаецца, што «праект нарматыўнага прававога акта можа быць вынесены на публічнае (усенароднае, грамадскае або прафесійнае) абмеркаванне па рашэнні дзяржаўнага органа (службовай асобы), упаўнаважанага прымаць (выдаваць) нарматыўныя прававыя акты. У адпаведнасці з законам Цэнтральная камісія не з'яўляецца такім органам».

Акрамя таго, заявілі ў ЦВК, заканадаўства Беларусі не прадугледжвае правядзенне экспертызы законапраектаў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй.

Заява аб правядзенні грамадскага абмеркавання паправак ў выбарчае заканадаўства было падпісаная Партыяй БНФ, Беларускай партыяй левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай партыяй «Зялёныя», кампаніяй «Гавары праўду!» і рухам «За Свабоду».

Тыя, хто падпісаў заяву лічаць, што шэраг выпрацаваных ЦВК прапаноў «патрабуюць сур'ёзнага і грунтоўнага абмеркавання з зацікаўленымі бакамі», а «мэтазгоднасць некаторых з агучаных прапаноў выклікае сур'ёзныя сумневы».

У прыватнасці, лічаць яны, патрабуюць абмеркавання: прапанова аб наданні права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем з колькасцю членаў не менш 1.000 чалавек; адмова ад дзяржаўнага фінансавання выдаткаў на перадвыбарную агітацыю і перавод яе цалкам на забеспячэнне за кошт перадвыбарных фондаў; ідэя выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарчай агітацыі.

Апазіцыйныя структуры прапаноўвалі апублікаваць у СМІ тэкст прапаноў аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс; правесці грамадскае абмеркаванне прапаноў, у тым ліку праз арганізацыю грамадскіх слуханняў з удзелам дзяржаўных органаў, палітычных партый і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў; накіраваць прапановы на экспертызу ў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскую камісію Савета Еўропы.

Па словах Янукевіча, адмоўны адказ ЦВК не стаў нечаканым. «Але для нас было вельмі важна сфармуляваць сваю пазіцыю і аб'явіць яе публічна», - сказаў ён.

Пры гэтым, паведаміў палітык, дэмакратычныя арганізацыі распрацавалі свой праект паправак ў выбарчае заканадаўства, які будзе неўзабаве накіраваны ў дзяржаўныя органы. «Вядома, у нас няма ілюзій, што нашы папраўкі будуць зробленыя нормамі права, нам важна, каб наша пазіцыя была вядомая беларускай і міжнароднай грамадскасці», - адзначыў Янукевіч.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках