Сусветны банк разгледзіць новую стратэгію па Беларусі
3- 17.01.2013, 16:00
Савет дырэктараў Сусветнага банка (СБ) вясной 2013 года разгледзіць новую краінавую стратэгію па Беларусі.
Пра гэта заявіў журналістам у чацвер у Менску кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC, інвестыцыйнае падраздзяленне Сусветнага банка) па Украіне і Беларусі Руфат Алімарданаў, піша «Інтэрфакс».
«Стратэгія будзе разгледжаная Саветам дырэктараў Сусветнага банка вясной гэтага года. Зараз працягваецца этап кансультацый з урадам Беларусі па новай стратэгіі партнёрства з Сусветным банкам, у тым ліку з IFC і MIGA (агенцтва па гарантаванню інвестыцый - ІФ)», - сказаў Алімарданаў.
Паводле яго слоў, у праекце стратэгіі прадугледжаны «вельмі важны комплекс мер па развіццю прыватнага сектара».
Ён таксама паведаміў, што за перыяд прысутнасці IFC у Беларусі з 1994 года агульны аб'ём інвестыцый з боку карпарацыі ў беларускую эканоміку склаў каля $340 млн, у тым ліку каля 40% накіравана ў фінансавы сектар. На пачатак года рэшта агульнай запазычанасці перад IFC склала $151 млн.
Як паведамлялася, папярэдняя краінавая стратэгія СБ для Беларусі завяршылася ў ліпені 2011 года. Раней СБ увязваў магчымасць прыняцця новай стратэгіі па Беларусі з пачаткам рэалізацыі новай праграмы МВФ у рэспубліцы.
Рэгіянальны дырэктар СБ па Беларусі, Малдовы і Украіне Чымяо Фану на сустрэчы з прэм'ер-міністрам рэспублікі Міхаілам Мясніковічам у ліпені 2012 года заявіў, што перспектывы зацвярджэння і рэалізацыі новай краінавай стратэгіі СБ для Беларусі, якая прадугледжвае вылучэнне Менску крэдытных рэсурсаў, залежаць ад асноўных акцыянераў банка. Урад Беларусі тады паведамляў, што, у прыватнасці, разлічвае на прыцягненне ад СБ новай пазыкі на мэты развіцця (Development Policy Loan, DPL).
Мясніковіч тады звярнуўся да Чымяо Фана з просьбай паскорыць падрыхтоўку новай стратэгіі. У лісце ў адказ прадстаўнік СБ заявіў пра гатоўнасць працягнуць аказанне дапамогі ўраду ў распрацоўцы і рэалізацыі комплексных і глыбокіх структурных рэформаў і паабяцаў абмеркаваць пытанне аб новай стратэгіі.
Папярэдні рэгіянальны дырэктар СБ Марцін Райзер у кастрычніку 2011 года заявіў, што СБ мае намер пачаць распрацоўку новай краінавай стратэгіі для Беларусі ў 2012 годзе. Аднак да гэтага часу СБ публічна не паведамляў пра пачатак яе распрацоўкі.