19 снежня 2024, Чацвер, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэп ЗША заклікалі ўзмацніць санкцыі супраць Лукашэнкі

14
Дзярждэп ЗША заклікалі ўзмацніць санкцыі супраць Лукашэнкі

Кіраўнікі Свабоднага тэатра і кампаніі Free Belarus Now правялі шэраг сустрэч у Дзярждэпартаменце ЗША.

Наталля Каляда і Мікалай Халезін сустрэліся ў Вашынгтоне з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томасам Меліям, прадстаўніком Бюро еўрапейскіх і еўразійскіх спраў Дзярждэпартамента ЗША Дэніэлам Расэлам і амбасадарам па глабальных жаночых пытаннях Мелан Вэрвэер.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася патрэба ўвядзення больш жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, супрацоўніцтва кампаніі Free Belarus Now з юрыдычнай кампаніяй, што правяла Акт Магніцкага, падрыхтоўка пашыранага спісу беларускіх прадпрыемстваў і афіцыйных асоб, адказных за рэпрэсіі і фальсіфікацыі, прасоўванне гэтага спісу ў Еўразвязе, дзе новыя юрыдычныя ўмовы і прэцэдэнт з Актам Магніцкага дазваляюць узмацніць ціск на беларускія ўлады.

Халезін і Каляда таксама распавялі амерыканскім дыпламатам пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі, варункі ўтрымання іх у турмах і ўзмацненні рэпрэсій супраць апазіцыі. Асобна было расказана аб становішчы жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, журналісткі Ірыны Халіп і пра тое, што Лукашэнка ўжо двойчы падмануў грамадскасць, заявіўшы, што яна можа выехаць з краіны.

Прадстаўнікі кампаніі Free Belarus Now заклікалі не здымаць санкцыі з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, які меў забарону на ўезд у краіны ЕЗ і ЗША, а таксама скасаваць правядзенне чэмпіянату свету ў хакеі ў Менску.

Супрацоўнікі Дзярждэпартамента запэўнілі беларусаў, што пры змене кіраўніцтва замежнапалітычнага міністэрства ЗША беларуская тэма не сыдзе з поля ўвагі Дзярждэпартамента і адміністрацыі Барака Абамы.

Мікалай Халезін і Наталля Каляда таксама сустрэліся з прадстаўнікамі Хельсінскай камісіі Кангрэсу ЗША Орэстам Дзячкоўскім і Полам Картэрам, супрацоўнікамі офіса сенатара Дзіка Дурбіна і кіраўніком няўрадавай арганізацыі Freedom House Дэвідам Крэмэрам.

«Нашы сустрэчы прайшлі ў рэжыме традыцыйных кансультацый. Мы радыя, што адміністрацыя прэзідэнта Абамы не адступае ад дэклараваных прынцыпаў непрымання беларускай дыктатуры. Сёння ў Еўразвяза з'явіліся новыя магчымасці ціску на рэжым Лукашэнкі, і перш чым мы актыўна пачнем лабіяваць прыняцці пастаноў у ЕЗ, нам хацелася заручыцца падтрымкай адміністрацыі прэзідэнта Абамы. Мы атрымалі запэўніванні ў тым, што Злучаныя Штаты не адступяць ад сваіх пазіцый і прадоўжаць ціск на беларускую дыктатуру.

Беларускі рэжым павінен цвяроза разумець, што мы не спынімся ў пошуку метадаў ціску на яго, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні, і ў краіне не адбудуцца дэмакратычныя выбары кіраўніцтва», - сказала ў інтэрв'ю charter97.org Наталля Каляда.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках