Рубінаў: За нецвярозую язду - пазбаўляць правоў пажыццёва
334- 25.01.2013, 11:46
Старшыня «савета рэспублікі» прапануе прыняць максімальна жорсткія меры для нецвярозых кіроўцаў.
Анатоль Рубінаў адказаў на пытанні «Еўрарадыё».
- Як вы ставіцеся да прапановы Генпракуратуры канфіскоўваць машыны ў нецвярозых кіроўцаў?
- Я лічу, што неабходна прыняць максімальна жорсткія меры ў адносінах да тых, хто садзіцца за руль, ужыўшы перад гэтым алкаголь. Незалежна ад колькасці. У нашых умовах і з нашымі традыцыямі казаць пра нейкія там праміле, колькі дапушчальна - гэтага абсалютна рабіць нельга! У нас, калі ёсць палова чаркі, то пасля яе будзе чарка, калі ёсць келіх піва, то пасля яго будзе яшчэ некалькі бутэлек і яшчэ нешта. Мы кажам, што жорсткая дзяржава, прэзідэнт - чалавек жорсткі. Ды ў нас супер мяккія правілы, звыш-супер! Для таго, каб быў парадак, неабходная свабода, але вельмі жорсткія пакаранні за парушэнне. У нас цяпер і на Захадзе, прапагандуецца гуманізм. Але ў адносінах да каго? Да злачынцаў! А гуманізм у дачыненні да тых, каго гэта тычыцца, мы не павінны праяўляць? Гуманізм павінен быць у дачыненні да тых нармальных грамадзян, якія нічога не парушаюць і якія хочуць мець гарантыі бяспекі. А ў нас з парушальнікамі нянькаюцца! П'яны за рулём - злачынца! Машына... Можа быць і машына канфіскаваная, але тое, што пазбаўляць правоў пажыццёва - гэта без пытанняў! Любыя меры ў дадзеным выпадку апраўданыя, так як гэта абсалютна недапушчальна, п'яны за рулём - забойца. Як можна спакойна ставіцца да забойцы?
- Але ці не супярэчыць канфіскацыя іншым законам, Канстытуцыі, ці не парушаецца «права на асабістую ўласнасць»?
- Законы прыдумляюць людзі для сябе. І калі нешта не адпавядае, то трэба закон змяніць так, каб ён служыў людзям. Не можа права асабістай уласнасці ўваходзіць у супярэчнасць з базавымі і жыццёва важнымі інтарэсамі грамадства. Калі такое адбываецца, трэба законы змяніць. Мы ставім правы чалавека вышэй за ўсё, але гэта няправільна! Бо чалавек жыве ў грамадстве, і свабода асобы не можа ставіцца вышэй інтарэсаў грамадства. Чалавек мае столькі свабоды, колькі грамадства можа яму гарантаваць і дазволіць. А будзе квітнець грамадства, будзе добра і кожнаму індывіду ў асобнасці. Права на асабістую ўласнасць павінна быць недатыкальным толькі ў тым выпадку, калі чалавек выконвае пэўныя правілы і патрабаванні.
- Пагроза канфіскацыі дарагога аўто стварае спрыяльныя ўмовы для карупцыі…
- Тое, што магчымыя парушэнні, не азначае, што не павінны ўводзіцца правілы. Трэба змагацца з карупцыяй. Прычым, таксама вельмі жорстка. І павінна быць разуменне няўхільнасці пакарання. Як у выпадку, калі злачынец здзяйсняе забойства. У савецкія часы, напрыклад, усе выдатна ведалі, што пакаранне непазбежна - смяротны прысуд. Гэта не тое, што цяпер - пажыццёвае зняволенне. Тое ж, напрыклад, італьянскі мафіёзі. Ну, патрапіў у турму, і будзе там займацца фізкультурай, глядзець тэлебачанне, слухаць радыё, пісаць кніжкі... Ну, як жа так!
Нагадаем, у Беларусі плануецца канфіскоўваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў.