Пуцін спрабуе ўзяць пад кантроль ГТС Украіны
48- 28.01.2013, 14:28
Рахунак на 7 млрд даляраў за недабор газу ў 2012 годзе выстаўлены Кіеву з мэтай атрымання кантролю над украінскай газатранспартнай сістэмай.
Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў, паведамляе УНІАН.
«Пуцін асабіста стомлены гэтым шматгадовым дыялогам аб трубе, маўляў, ужо ўсё ўкраінцам растлумачылі, усе аргументы выклалі, ужо давялося «Паўднёвую плынь» фарсаваць, а Украіна ўсё адно не аддае трубу. Пасля гэтага была прынятая пастанова - канчаткова прыціснуць да сцяны», - сказаў Сіманаў.
«Вядома, што гэтая пастанова была ўзгодненая з У.Пуціным. Тут у мяне няма ніякіх сумневаў. Афіцыйна Крэмль будзе казаць, што гэта камерцыйная спрэчка і ён тут не мае дачынення, але ўсе разумеюць, што на такім узроўні гэта далёка не толькі камерцыйнае пытанне», - дадаў ён.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што кіраўніцтва Расеі ніколі не хавала, што хоча атрымаць кантроль над ГТС Украіны. Са слоў экспэрта, збольшага гэты пазоў выкліканы тым, што ў 2012 годзе рыторыка кіраўніцтва Украіны змянілася і стала значна агрэсіўнейшай.
Сіманаў мяркуе, што калі раней кіраўніцтва Украіны прасіла увайсці ў ягонае становішча і казала, што няма сродкаў на аплату за недабор газу, то цяпер робяцца заявы аб тым, што «Нафтагаз» і не павінен нешта плаціць.
Нагадаем, «Нафтагаз Украіны» пацвердзіў, што «Газпром» выставіў рахунак на 7 мільярдаў даляраў за газ, які Украіна не закупляла ў 2012 годзе. «Нафтагаз» заяўляе, што неаднаразова інфармаваў «Газпром» аб скарачэнні аб'ёмаў закупкі газу ў 2012 годзе і адзначае, што гэта можна спраўдзіць на сайце «Нафтагаза». Кампанія паведамляе, што ў траўні 2012 было зроблена некалькі заяў з гэтай нагоды. Паводле звестак Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці, Украіна ў выніку 2012 года скараціла імпарт газу ў параўнанні з 2011 годам на 26,5% - да 32,939 млрд куб.м. Паводле звестак кампаніі «Укртрансгаз», аператара ўкраінскай газатранспартнай сістэмы, Расея ў выніку 2012 года скараціла транзіт газу праз тэрыторыю Украіны да 84,261 млрд куб.м, што на 19,13% менш за паказчык 2011 года.