28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатка» зробіць больш жорсткім закон аб дзейнасці партый

31
«Палатка» зробіць больш жорсткім закон аб дзейнасці партый

«Палата прадстаўнікоў» разгледзіць папраўкі ў законы аб дзейнасці палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

Законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаннях дзейнасці палітычных партый ды іншых грамадскіх аб'яднанняў» «палата прадстаўнікоў» плануе разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі.

Самая вялікая нечаканка падрыхтаваная ў законапраекце для арганізацый, якія рэгіструюцца як міжнародныя за межамі Беларусі. Напрыклад, «Прававая дапамога насельніцтву» і «Аб’яднанне - Чарнобыль Беларусь» - ва Украіне, Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў - у Літве, а «Малады фронт» - у Чэхіі, піша «Заўтра тваёй краіны».

Плануецца ўвядзенне такога паняцця, як аддзяленне міжнароднага грамадскага аб'яднання i яго статусу.

Як адзначаюць эксперты, гэтыя аддзяленні ствараюцца для прадстаўлення інтарэсаў міжнароднай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і выключна тут праводзяць сваю дзейнасць, што павінна адпавядаць рэспубліканскаму статусу, а не міжнароднаму, як у дзейным заканадаўстве. Зарэгістраванай міжнароднай арганізацыі ў Літве давядзецца дадаткова рэгістраваць аддзяленне ў Беларусі. Інакш будзе разглядацца, што на нашай тэрыторыі такая арганізацыя не дзейнічае, а яе заснавальніку або чальцу будзе пагражаць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Законапраект прадугледжвае таксама, што калі палітычная партыя, грамадскае аб'яднанне або іх аб’яднанні неаднаразова не падаюць штогадовую інфармацыю аб сваёй працы ў адпаведныя органы, то гэта можа стаць падставай для ліквідацыі.

Якая палітычная замова?

Меркаваныя змены - гэта рэакцыя на пагаршэнне эканамічнай і сацыяльна сітуацыі, мяркуе старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

- Для ўлады гэта стратэгія - кантраляваць літаральна ўсё. Вось чаму напінаюцца лейцы праз заканадаўства, і праз праваўжывальную практыку: чым менш магчымасцяў для дзейнасці палітычных партый і грамадскіх арганізацый, тым больш камфорту для ўлады, - рэзюмуе лідар АГП.

Цяпер, кажа Анатоль Лябедзька, усё будзе залежаць ад таго, якая палітычная замова.

- Улада, з адной стараны, зацікаўленая ў наяўнасці бачнасці, што ў краіне ёсць палітычныя структуры, а з другой – дзейнічае каб зменшыць прастору для дзейнасці, - мяркуе эксперт.

Эксперт: Заканадаўства фактычна пазбаўляе беларусаў права выказваць сваё меркаванне

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што рэгістрацыя арганізацый за мяжой і цяпер нічога не дае, бо ва ўсялякім выпадку іх трэба рэгістраваць у Беларусі.

- А меркаваныя новаўвядзенні проста выключаюць усякія нюансы і ствараюць дадатковыя падставы да ліквідацыі палітычных партый, - кажа эксперт.

Ён звязвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў з тэндэнцыяй апошніх двух гадоў пасля 19 снежня 2010 года, калі заканадаўства ў розных сферах, якія тычацца правоў чалавека, «няхай гэта будзе свабода асацыяцый або мірных сходаў, ідзе па шляху ўзмацнення жорсткасці».

У гэтым шэрагу стаяць змены ў закон аб масавых мерапрыемствах, некаторыя змены ў Крымінальны кодэкс, калі пасля справы Алеся Бяляцкага была крыміналізаваная замежная дапамога.

- На жаль, ніякіх зрухаў у галіне лібералізацыі заканадаўства і ў сферы правоў чалавека мы не назіраем і, напэўна, неўзабаве не будзем назіраць, - канстатуе Валянцін Стэфановіч.

Са слоў праваабаронцы, ёсць высновы міжнародных экспертных арганізацый, у тым ліку і Венецыянскай камісіі «Да дэмакратыі праз права», створанай пры Савеце Еўропы (у ёй мае статус і наш Канстытуцыйны суд), што артыкул 193-1 не адпавядае міжнародным нормам, а таксама Канстытуцыі Беларусі.

Тым не менш, артыкул дзейнічае. Хаця пасля 2008 года крымінальныя справы паводле яго не распачыналіся, хоць папярэджанні паводле яго выносяцца. Такія ж высновы ёсць і пра закон аб масавых мерапрыемствах.

- Заканадаўства фактычна робіць немагчымым рэалізацыю беларусамі права на свабоду сходаў, у тым ліку і права на выказванне свайго меркавання, - адзначае Валянцін Стэфановіч. - У нас шмат законаў, якія проста нівеліруюць палажэнні Канстытуцыі, якая гарантуе розныя правы. У гэтым плане сітуацыя вельмі падобная на СССР, у Канстытуцыі якога таксама вельмі шмат усяго было напісана пра свабоду сходаў, але выяўляліся яны ў членстве ў афіцыйных савецкіх прафсаюзах і ва ўдзеле ў першамайскіх дэманстрацыях.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках