Сяргей Новікаў: Прэтэнзіі Менска на вялікі футбол выглядаюць авантурай
2- 1.10.2013, 17:16
- 14,111
Заявачная кампанія Менска на «Еўра-2020» разгортваецца на фоне стадыённага калапсу, які напаткаў сталіцу.
Журналіст «Прессбола» Сяргей Новікаў у традыцыйнай калонцы «Тры-300» пракаментаваў заяўку Менска на правядзенне футбольнага чэмпіянату Еўропы-2020.
«Менскія прэтэнзіі на вялікі футбол выглядаюць пакуль авантурай. Наша заявачная кампанія разгортваецца на фоне стадыённага калапсу, які напаткаў сталіцу. Ідэю хоць бы арганізацыйна паўдзельнічаць у топ-турніры кіраўнік дзяржавы агучыў яшчэ ў прывязцы да глабальнай перабудовы дынамаўскай арэны. Затым аб «Дынама» зламалі зубы на стадыі дэмантажу. Як камуфляж сваёй будаўнічай немачы сталічныя вярхі прасунулі спрошчаны варыянт рамонту з добрай мэтай лёгкаатлетычнага перапрафілявання. А пра спецыялізаваны футбольны стадыён загаварылі ў прывязцы да іншай будаўнічай пляцоўкі, як мяркуецца, на месцы цяперашняга «Трактара». Зрэшты, і тут далей пратаколаў намераў і даручэнняў справа пакуль не зрушылася», - адзначае ён.
Тое, што пры такім тумане перспектыў засталося ў сіле рашэнне прэтэндаваць на EURO'2020, спачатку здзівіла журналіста.
«Аднак, калі задумацца больш грунтоўна, знаходзіш логіку як мінімум у заявачнай цвёрдасці БФФ. У дыскусіях, якія развярнуліся вакол «Дынама», Сяргей Румас і яго чыноўнікі да канца стаялі за футбольную спецыялізацыю менавіта галоўнай арэны краіны. Цяпер, калі ўзяў верх іншы пункт гледжання, Дом футбола чапляецца за магчымасць максімальна паскорыць хоць бы альтэрнатыўны варыянт будоўлі. Натуральна, пры з'яўленні афіцыйных абавязкаў перад УЕФА, пад якімі абавязковы подпіс і менскага мэра Мікалая Ладуцькі, наш стадыённа-будаўнічы рэстарт мае куды больш шанцаў хаця б здарыцца. Пры гэтым з пункту гледжання тактыкі трэба хутчэй ехаць, каб пад заявачны шум даць працэсу несупынны ход у той самы год, што адведзены на правядзенне конкурсу», - падкрэслівае Сяргей Новікаў.