Дзве тысячы рабочых хочуць звольніцца з БМЗ
134- 15.10.2013, 13:45
- 148,986
Рабочыя чакаюць пачатку наступнага года, каб сысці з завода.
На працягу дзевяці месяцаў яны не атрымлівалі прэмій, а зарплата, па сутнасці, была замарожаная на ўзроўні 2012 года. Склалася сітуацыя, пры якой склады Беларускага металургічнага завода былі заваленыя гатовай прадукцыяй, якую няма куды было сплаўляць. Як вядома, славутыя 1,2 трыльёна рублёў, выдаткаваных на фестываль, пайшлі не толькі з абласнога бюджэту, але і з кашалькоў простых рабацяг галоўнага металургічнага гіганта краіны. Па розных дадзеных, у аддзеле кадраў прадпрыемства ляжыць ад двух да трох тысяч заяў на звальненне, піша camarade.biz.
У той жа час дзяржаўныя СМІ, у тым ліку прэс-служба прадпрыемства, рапартуюць на ўсю краіну аб яго галавакружных поспехах.
Рабочыя завода сітуацыю бачаць зусім па-іншаму.
«Я папрацаваў на БМЗ амаль дзесяць гадоў, і нават падчас крызісу 2011 года, калі адбылася трохразовая дэвальвацыя нацыянальнай валюты, мы пратрымаліся за кошт таго, што нам хоць і патроху, але павышалі зарплаты. Улетку гэтага года я паспрабаваў перавесціся ў іншы цэх, каб павысіць разрад і атрымліваць больш высокую зарплату, але маё начальства заявіла, што нікога нікуды не пераводзяць. Тады я і многія мае калегі паклалі на стол заявы аб сыходзе, каб мы маглі паехаць у Расею і хоць бы трохі зарабіць грашанят для нашых сем'яў. Нам, натуральна, адмовілі, спаслаўшыся на тое, што па кантракце я павінен адпрацаваць да канца года. І так сотні людзей, якія чакаюць 1 студзеня, каб сысці з заводу», - заявіў рабочы Уладзімір.
Паводле яго слоў, нават сталявары, якія заўсёды атрымлівалі прыстойныя зарплаты, цяпер плацяць па 6-8 мільёнаў, што зусім не параўнальна з той шкоднай вытворчасцю, на якой яны працуюць кожны дзень.
Улічваючы сітуацыю, якая склалася, верагодна, пасля таго, як грошы банкаў паступілі на рахунак, які доўгі час пуставаў, рабочых вырашылі трохі папесціць і пачалі выдаваць прэмію - упершыню за доўгія месяцы.
«Далі ў гэтым месяцы па 500 тысяч. Але хіба гэта грошы?» - кажа Аляксей, які працуе ў адным з цэхаў БМЗ.
Адсутнасць банкнот у жлабінчан-металургаў адбілася і на спажывецкім рынку. Прадпрымальнікі скардзяцца на нізкі попыт на працягу амаль ўсяго года.
«Людзі купляюць толькі самае неабходнае, - кажа прадпрымальнік Людміла. - Напрыклад, вопратку і абутак да асенне-зімовага сезона. Ды і тое, шмат хто з прадпрымальнікаў ідуць на саступкі пакупнікам, падаючы польскія і турэцкія тавары ў растэрміноўку».
Падчас правядзення «Дажынак», напрыклад, металургам прапаноўвалі купляць тавары на самым кірмашы, абавязаўшы прадпрымальнікаў не працаваць у пятніцу і суботу. Праўда, некаторыя з гандляроў не закрылі свае ралеты і працягнулі працу.
«Вядома, сёння вялікую канкурэнцыю нам складаюць крамы і, асабліва гіпермаркет «Еўраопт», - кажуць жлобінскія прадпрымальнікі. - Але цалкам відавочна, што сёння лішніх грошай у людзей няма. Усё пайшло на «Дажынкі».
Беларускі металургічны завод - прадпрыемства чорнай металургіі ў горадзе Жлобіне. Колькасць персаналу складае 12 380 чалавек. Найбуйнейшае прадпрыемства гэтага профілю ў Еўропе.
БМЗ структурна складаецца з трох асноўных вытворчасцяў - металургічнай, пракатнай і метызнай - цэхаў інфраструктуры і падраздзяленняў кіравання жыццядзейнасцю прадпрыемства. Металургічная вытворчасць: коправы цэх, два электрасталеплавільных цэхі і цэх тэхналагічнага аўтатранспарту. Пракатная вытворчасць прадстаўленая сортапракатным цэхам, які мае тры разнапрофільных пракатных стана, і трубапракатнам цэхам. Метызная вытворчасць складаецца з трох сталядротавых цэхаў, цэха тары і валок.