Аўрал на будаўніцтве рэзідэнцыі Лукашэнкі
110- 15.10.2013, 15:31
- 94,251
Працы на будаўнічай пляцоўцы на праспекце Пераможцаў ідуць днём і ноччу.
Сотні рабочых і дзесяткі адзінак тэхнікі задзейнічаныя на ўзвядзенні новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, перадае «Радыё Свабода».
Напярэдадні ён загадаў упарадкаваць яе да 25 кастрычніка, калі ў Менск з'едуцца кіраўнікі краін СНД. Паводле слоў Лукашэнкі, гасцям павінны быць забяспечаныя максімальна зручныя і камфортныя ўмовы для працы. Ці здолеюць будаўнікі ўкласціся ў адведзеныя 10 дзён - пакуль невядома.
Калі з боку праспекта Пераможцаў будынак «Палаца незалежнасці» збольшага даведзены да розуму, то зусім іншая карціна адкрываецца з вуліцы Арлоўскай. Там ляжаць горы будаўнічага друзу, бачныя адкрытыя ямы з кабелямі і смецце.
Будаўнікі прызнаюцца, што працы на стратэгічным аб'екце не спыняюцца ні днём, ні ноччу. Па іх словах, людзей здымаюць з іншых будоўляў, з усяго горада зганяюць бульдозеры і грузавікі. У спешным парадку насыпаюйь грунт, кладуць плітку, асфальтуюць пад'язныя дарогі. Прарабы з тэчкамі бегаюць паміж групамі рабочых, кантралюючы, каб тыя ўкладваліся ў графік.
Чалавек з лапатай распавёў журналістам, што для «паказухі» за 10 дзён навесці марафет можна, але потым яшчэ доўга прыйдзецца ўсё дарабляць.
Дарэчы, калі над парадным уваходам з боку праспекта Пераможцаў залатымі літарамі выкладзены надпіс па-беларуску, то са зваротнага боку ён застаўся на рускай мове.
Аналітыкі акцэнтуюць увагу, што чарговая рэзідэнцыя кіраўніка здаецца ў «год беражлівасці». Але, як кажуць блізкія да будоўлі крыніцы, на яе аздабленні ніякай эканоміі не заўважана. Па перыметры будынак абнесены чыгуннай агароджай, якая расцягнулася на сотні метраў. Інтэр'еры выкананыя ў граніце, мармуры і іншых нятанных матэрыялах. Мантажом каменных канструкцый займаліся спецыялісты, выпісаныя з Грэцыі і Турцыі.
Замежнікі займаліся ўсталёўкай і іншага тэхнічнага абсталявання: японцы - сістэмамі кандыцыянавання і вентыляцыі, немцы - электрыкай і каналізацыяй, сербы - сантэхнікай. Сапраўдны інтэрнацыянал і вакол аб'екта: у якасці чорнарабочых задзейнічаныя таджыкі, узбекі, в'етнамцы, паўночныя карэйцы.
Але ці стане рэзідэнцыя Лукашэнкі ўпрыгожваннем сталічнага ландшафту? Заслужаны архітэктар Беларусі Міхаіл Пірагоў кажа, што сярод спецыялістаў неадназначныя меркаванні з нагоды не толькі архітэктурнага рашэння комплексу, але і месца, дзе ён узводзіцца:
«Справа ў тым, што мы заўсёды ганарыліся наяўнасцю ў Менску так званага «водна-зялёнага дыяметра». Зялёныя пасадкі ўздоўж Свіслачы рабілі гэты раён сапраўдным аазісам. Але такога роду забудовамі на гэтую тэрыторыю вядзецца вельмі агрэсіўны наступ, што, у рэшце рэшт, вядзе да яе знішчэння. І ніхто гэтаму не супрацьстаіць, вось у чым бяда, - кажа ён. - Разумееце, і гэты палац туды ўлез, і іншыя комплексы. Паступова, паступова гэты «водна-зялёны дыяметр» забудоўваюць. На жаль, з такімі тэмпамі неўзабаве ад яго практычна нічога не застанецца».
Улады доўгі час хавалі, што менавіта ўзводзіцца на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай. Аднак узмоцненая міліцэйская ахова і камеры сачэння ўздоўж агароджы падштурхоўвалі да высновы, што гэта аб'ект дзяржаўнай важнасці. Толькі ў траўні Лукашэнка прызнаўся: будуецца цэлы «ідэалагічны комплекс, закліканы паставіць апошнюю кропку ў спрэчках аб беларускай незалежнасці». Палац стане дванаццатай рэзідэнцыяй кіраўніка.