Як Лукашэнка гандлюе Беларуссю
30- 16.10.2013, 16:36
- 67,903
Польскія СМІ распавялі пра тое, як беларускі дыктатар падманвае Брусэль і Маскву.
Міжнародная палітыка кіруецца сваімі ўласнымі правіламі. Той, хто іх ведае і ў стане выкарыстоўваць, можа для сябе шмат выйграць. Лукашэнка вельмі добра ведае гэтыя правілы. Пра гэта кажа палітыка, якую ён праводзіць у дачыненні да Еўрапейскага Звяза і Расейскай Федэрацыі, піша Gazeta Obywatelska (пераклад - charter97.org).
Падчас сумесных вайсковых вучэнняў «Захад-2013» Уладзімір Пуцін імкнуўся падкрэсліць, наколькі для Расеі важная Беларусь. Лукашэнка быў запрошаны ў Калінінград і прыбыў туды разам з Пуціным на яго самалёце. Гэты жэст павінен быў паказаць, што беларускі кіраўнік з'яўляецца для прэзідэнта Расеі раўнапраўным партнёрам, а не звычайным васалам. Больш за тое, Беларусь мае мноства льгот, будучы ў Мытным Саюзе.
Еўразвяз таксама імкнецца падтрымліваць добрыя кантакты з Беларуссю. З некаторых беларускіх чыноўнікаў была знятая забарона на ўезд у краіны ЕЗ. Брусэль таксама прапануе эканамічную дапамогу шляхам датацый Беларусі ў рамках праграмы Усходняга партнёрства. За сродкі ЕЗ павінна быць пабудаваная сетка дарог у заходняй частцы краіны. Таксама запланаванае спрашчэнне супрацоўніцтва паміж беларускімі і еўрапейскімі інвестарамі. Але пры гэтым стасункі паміж Менскам і Брусэлем не пазбаўленыя напружанасці.
Лукашэнка дакладна вызначыў становішча Беларусі, сказаўшы, што яна занадта слаба, каб дзейнічаць самастойна, таму мае патрэбу і будзе мець патрэбу ў больш моцным саюзніку. Але для яе кіраўніка гэта зусім не азначае, што трэба здацца. Ні для каго не сакрэт, што Беларусь патрэбная Бруселю, роўна як і Маскве, і менавіта гэта выкарыстоўвае Лукашэнка. Становішча Беларусі можна параўнаць са становішчам чалавека, які хоча нешта прадаць. Калі ён знойдзе толькі аднаго пакупніка, то павінен сам гандлявацца. Калі ж знойдзе некалькіх пакупнікоў, то ўжо яны будуць гандлявацца паміж сабой, хто дасць больш. Лукашэнка спрабуе напалохаць свайго саюзніка перспектывай збліжэння Беларусі з ЕЗ. Для Расеі гэта было б паразай, якую яна не можа сабе дазволіць.