3 траўня 2024, Пятніца, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь абыходзіць забарону на гандаль зброяй з дапамогай Украіны

16
Беларусь абыходзіць забарону на гандаль зброяй з дапамогай Украіны

«Украбаронпрам» дапаможа беларускім заводам абысці міжнародныя забароны на гандаль зброяй.

Пра гэта са спасылкай на ўкраінскае выданне «Капитал» піша партал «Новый регион».

У першых чыслах лістапада Менск і Кіеў збіраюцца падпісаць дамову аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Пра гэта выданню паведаміла ананімная крыніца выдання ў апараце Кабінета міністраў Украіны.

Яна будзе прадугледжваць сумесную вытворчасць боепрыпасаў, сістэм супрацьпаветранай абароны, электронікі, ударных сістэм для рэалізацыі на рынкі трэціх краін.

Кіраўнік даследчых праграм Цэнтра даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення Сяргей Згурэц мяркуе, што падпісанне дамовы з Украінай дазволіць Менску атрымаць доступ на міжнародныя рынкі ўзбраенняў, куды яму з-за санкцый ЕЗ дарога закрытая.

Беларусь сёння лічыцца «чорным імпарцёрам» зброі. Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру (SIPRI), лічыць, што краіна ўваходзіць у першую дваццатку найбуйнейшых пастаўшчыкоў узбраенняў у свеце. Яе падазраюць у продажах беларускай і расейскай зброі ў ваюючыя краіны трэцяга свету.

Зараз для прасоўвання тавараў будзе выкарыстаная кааперацыя з украінскімі ваеннымі прадпрыемствамі, якія гандлююць узбраеннем легальна, хоць таксама неаднаразова траплялі ў зброевыя скандалы. Апошні з іх - магчымы ўдзел украінскага спецпорта «Акцябрск» у пастаўках ваенных грузаў у Сірыю.

Міжнародныя арганізацыі раней неаднаразова заяўлялі пра тое, што Менск таксама прадае зброю Дамаску. Беларусь, паводле дадзеных даследчыкаў, уваходзіць у тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў узбраенняў для сірыйскага дыктатара.

Супрацоўніцтва з Асадам тычыцца не толькі гандлю. Беларускія спецыялісты аказвалі і тэхнічную падтрымку. Некаторыя прадпрыемствы, у прыватнасці ААТ «Тэтраэдр», дапамагалі Сірыі ў мадэрнізацыі сродкаў СПА. Таксама спецыялісты мяркуюць, што дапрацоўка 48 сірыйскіх ЗРК «Бук» у мінулым годзе была выкананая пры садзейнічанні беларускага прадпрыемства «Алеўкурп». Пра ваенную падтрымку рэжыму Асада з боку Лукашэнкі неаднаразова заяўляла і сірыйская апазіцыя. У верасні мінулага года фірма «Белзнешпрамсэрвіс» была абвінавачаная Міністэрствам фінансаў ЗША ў продажы Дамаску засцерагальнікаў для авіябомбаў. Раней Вашынгтон заяўляў таксама пра тое, што гэтая фірма супрацоўнічае з Іранам.

Абвінавачванні ў адрас афіцыйнага Менска гучалі і ў сувязі з пастаўкамі зброі ў Судан. Эксперты ААН у сакавіку 2013 года заяўлялі пра тое, што Беларусь прадае ў гэтую афрыканскую краіну самалёты і ракеты ў парушэнне міжнародных санкцый. Гэта ўзбраенне выкарыстоўваецца супраць паўстанцаў у правінцыі Дарфур.

У 2011 годзе міжнародныя арганізацыі паведамлялі пра тое, што беларускія ўлады прадавалі зброю і ў Лівію. У гэтай краіне тады ішла грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рэжыму Кадафі. Паведамлялася, што з Менска ў Трыпалі вылецеў самалёт Іл-76 са зброяй.

Беларускі след быў заўважаны і на ваенным парадзе ў Пхеньяне. Некаторыя назіральнікі адзначылі падабенства паміж шасі для паўночнакарэйскіх ракетных установак і прадукцыяй Менскага завода колавых цягачоў.

Нагадаем, у сакавіку беларускія ўлады ўстанавілі новыя правілы і парадак вызначэння і ліцэнзавання тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя для стварэння ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. Паўнамоцтвамі для вызначэння адпаведных тавараў надзелены Аператыўна-аналітычны цэнтр, а ліцэнзаванне пасярэднікаў у гандлі даверана Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту. Такім чынам, гандаль зброяй закрылі ад «выпадковых» гульцоў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках