3 траўня 2024, Пятніца, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Магілёўшчыне перабоі з продажам малочных прадуктаў (Відэа)

14
На Магілёўшчыне перабоі з продажам малочных прадуктаў (Відэа)

На Магілёўшчыне ўсё часцей гучаць скаргі ад насельніцтва на перабоі з продажам малочных прадуктаў.

Людзі незадаволеныя якасцю і асартыментам. На перабоі ў продажы масла наракаюць жыхары Бабруйска і Глуска. Тым часам мясцовыя вытворцы малочнай прадукцыі заяўляюць, што ім адным цяжка задаволіць попыт насельніцтва. Пастаўшчыкі з іншых рэгіёнаў Беларусі патроху пакідаюць мясцовы рынак, піша БелаПАН.

Пра тое, што ў бабруйскіх і глускіх крамах перабоі з пастаўкамі недарагіх малочных прадуктаў, распавялі мясцовыя жыхары:

«Танны тварог, танная смятана - іх паступае вельмі мала. Трэба высачыць і захапіць, калі паспееш. У чэрвені, ліпені ўжо перабоі пачаліся. Я была ў сына ў Расеі, у Ліпецку. Дык там нашых беларускіх тавараў колькі хочаш».

У саміх крамах пра дэфіцыт малочнай прадукцыі кажуць неахвотна. Большасць скаргаў, якія давялося пачуць ад гандляроў, тычыліся як раз абмежавання выбару малочных прадуктаў. Вытворцы, заяўляюць гандляры, не выконваюць іх заявак. У адной з крам прадавец пачаў пералічваць праблемы з тлустасцю тварагу:

«Той тлустасці, якую трэба, то кажуць - няма. Дапусцім, была тлустасць 3,7, а яны гналі нам 1,5 адсотка тлустасці. Потым перабоі з маслам былі. Мы шукалі яго ўсюды, каб закупіць. Потым вось смятана. Прывыклі да 20-адсоткавай тлустасці. А зараз ужо «дваццаткі» няма».

У бабруйскім філіяле холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка» сцвярджаюць, што сітуацыя з пастаўкамі малочных прадуктаў у гандлёвую сетку нармалізуецца, аднак існуюць праблемы. Прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства тлумачыць іх так:

«Проста сышлі іншыя пастаўшчыкі, якія пастаўлялі прадукцыю. На сённяшні дзень цэльнамалочная прадукцыя стратная. Усе разумныя цяпер пагналіся за доўгім рублём. Калі ўсё гэта было выгадна, усе сюды везлі прадукцыю, і Бабруйск ва ўсіх браў. А сёння, калі цяжкі момант, хочуць, каб усё закрывалі толькі мясцовыя пастаўшчыкі».

У Бабруйскім гарвыканкаме таксама заяўляюць, што масла ў продажы цяпер ёсць. Праводзіцца маніторынг яго наяўнасці ў крамах.

Праблемы з набыццём малочных прадуктаў не толькі ў жыхароў Бабруйска і Глуска. Камітэт дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці прызнаў, што жыхары Магілёва, Асіповічаў, Крычава, Хоцімска і шэрагу іншых райцэнтраў таксама скардзяцца на адсутнасць у крамах малочнай прадукцыі. Называецца масла, кефір, малако. Людзі незадаволеныя іх якасцю і абмежаванасцю выбару. Між тым прызнаецца, што ў 14 раёнах вобласці аб'ёмы вытворчасці малака знізіліся.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках