26 снежня 2024, Чацвер, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звілісты шлях Украіны ў Еўропу

23
Звілісты шлях Украіны ў Еўропу

Украіне спатрэбіцца час, каб падняць свае стандарты да ўзроўню, які патрабуецца ад удзельнікаў ЕЗ.

Выгляд пацярпелай у баях Ялты, размешчанай сярод зялёных крымскіх пагоркаў і абмыванай бляклымі хвалямі Чорнага мора, у лютым 1945 года пабудзіў Уінстана Чэрчыля назваць яе «Рыўерай пекла», пішуць гісторыкі Найел Фергюсан і П'ерпаола Барб'еры ў артыкуле для The New York Times.

Вядома, цяпер памяць аб савецкай сістэме памірае - праўда, павольна - і арганізатары канферэнцыі Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі нават змаглі паздзекавацца са Сталіна ў адмыслова замоўленай з нагоды карыкатуры. Аднак сталінскі дух не так лёгка выгнаць, заўважаюць аўтары артыкула.

Пасля нязграбных дзеянняў прэзідэнта Абамы ў Сірыі Расея зноў зайграла мускуламі - не толькі на Блізкім Усходзе, але і ў сябе па суседстве, гаворыцца ў артыкуле.

З тых часоў, як на Украіне ў 2004 годзе адбылася «аранжавая рэвалюцыя», Кіеў стаў павольна прасоўвацца да больш цеснай інтэграцыі з Еўропай, адзначаюць аўтары. На іх думку, у значнай ступені дзякуючы польскай ініцыятыве Усходняе партнёрства ЕЗ стала «вестыбюлем» для патэнцыйных новых краін-удзельніц, уключаючы не толькі Украіну, але і Малдову, Арменію і Азербайджан.

Украіна - першая з краін Усходняга партнёрства, якая павінна зрабіць наступны крок: заключыць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам, нагадваюць аўтары.

Суровай альтэрнатывай гэтаму стала прапанова Расеі ўступіць у Еўразійскі мытны саюз, пішуць Фергюсан і Барб'еры. Выступаючы на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай», Пуцін адзначыў, што Расея з'яўляецца асноўным рынкам збыту малдаўскіх вінаў і ўкраінскіх прадуктаў.

Галоўнай перашкодай на шляху Украіны да еўрапейскай будучыні можа, аднак, апынуцца хранічная слабасць эканомікі краіны, гаворыцца ў артыкуле.

На канферэнцыі ў Ялце расейская насмешка па адрасе ЕЗ была простай: «А вы і Украіне таксама гатовыя аказаць фінансавую дапамогу?» Адказ на гэтае пытанне можа, на самой справе, быць станоўчым, калі наўзамен Украіна будзе гатовая да значных эканамічных і палітычных рэформаў», - лічаць Фергюсан і Барб'еры.

Украіне спатрэбіцца час, каб падняць свае стандарты да ўзроўню, які патрабуецца ад удзельнікаў ЕЗ. Але калі альтэрнатыва таму - зноў апынуцца ў задушлівых абдымках Расейскай імперыі, якая адраджаецца, то Еўропа можа раптам здацца вартай гэтых ахвяр, мяркуюць яны.

«Мы з нецярпеннем чакаем першага кроку Украіны да сяброўства ў ЕЗ. Мы таксама з нецярпеннем чакаем неадкладнага перайменавання Ялты ў «Рыўеру чысцілішча», - пішуць аўтары артыкула.

Пераклад: Inopressa.ru

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках