1 траўня 2024, Серада, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лех Валенса: Няма нічога немагчымага

2
Лех Валенса: Няма нічога немагчымага

У Варшаве праходзіць сустрэча лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру.

Гаспадаром саміту з'яўляецца лідар руху «Салідарнасць» экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, паведамляе Polskie radio.

На працягу трох дзён яго знакамітыя ўдзельнікі будуць абмяркоўваць, як зрабіць жыццё мільёнаў людзей лепш, як перамагчы голад і беднасць, як пазбегнуць войнаў і пераадолець крызіс. У варшаўскім Палацы навукі і культуры збяруцца экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, духоўны лідар тыбецкіх будыстаў Далай-лама, экс-прэзідэнт ПАР Фрэдэрык дэ Клерк, іранская праваабаронца Шырын Эбадзі, ірландскія грамадскія дзеячы Бэці Уільямс і Мэйрыд Магуайр, аўтар ідэі мікракрэдытавання, прафесар эканомікі з Бангладэш Мухамад Юнус, а таксама намеснік генеральнага сакратара ААН Петэр Лаўнскі-Тыфенталь, піша ІТАР-ТАСС.

У гэтым годзе сустрэча нобелеўскіх лаўрэатаў прымеркаваная да 30-годдзя з дня ўручэння гэтай ганаровай узнагароды экс-прэзідэнту Польшчы і праходзіць пад эпіграфам «Салідарнасць для міру - час дзейнічаць».

Лех Валенса адзначыў, што падчас саміту ён будзе казаць пра неабходнасць перабудовы сусветнага парадку. «Я буду ўздымаць пытанні, пра якія кажу заўсёды - пра тое, што свет дрэнна арганізаваны і пра тое, што і ААН, і НАТА, і Рада Еўропы - гэта ідэі са старой эпохі. Усё трэба крыху адкарэктаваць. Я буду старацца, каб мае калегі са мной пагадзіліся і як-небудзь паўплывалі на прадстаўнікоў улады, каб яны як мага хутчэй прынялі меры», - дадаў ён.

Сёння ўдзельнікі саміту абмяркуюць праблемы бяспекі ў сучасным свеце і развіццё сістэмы грамадскіх каштоўнасцяў у перыяд крызісу. Другі дзень будзе прысвечаны захаванню правоў чалавека і пытанням сацыяльнай справядлівасці, а трэці – недапушчэнню вайны.

Арганізатар сустрэчы, легенда «Салідарнасці» Лех Валенса пераконваў, што магчыма ўсё, калі грамадства паверыць і аб'яднае намаганні. «Некаторыя выкарыстоўваюць такі аргумент, што выратаваць свет немагчыма. Эгаізм, грошы перашкаджаюць. Я хачу вас пераканаць у тым, што няма нічога немагчымага».

Былы прэзідэнт Польшчы сказаў, што «свет павінен пагадзіцца на агульных каштоўнасцях - свецкіх дзесяці запаведзях», перадае тэлеканал TVN 24. Ён выказаўся за тое, каб ААН ператварылася ў «глабальны парламент», Рада Бяспекі - у «глабальны ўрад», а НАТА - у «глабальнае Міністэрства абароны».

Першая сустрэча лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру адбылася па ініцыятыве Міхаіла Гарбачова ў 1999 годзе ў Рыме. Пасля гэтага такі саміт імкнуцца праводзіць штогод. З 2008 года месца яго арганізацыі кожны раз мяняецца. Раней такія сустрэчы ўжо праводзіліся ў Парыжы, Берліне, Чыкага, Хірасіме. У Цэнтральнай Еўропе яна праходзіць упершыню.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках