27 снежня 2024, Пятніца, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маскве спрабавалі выкрасці мэнэджэра БКК

107
У Маскве спрабавалі выкрасці мэнэджэра БКК

Супрацоўнікі беларускага КДБ спрабавалі затрымаць у Маскве Ігара Яўстратава.

Скандальная гісторыя адбылася на днях у расейскай сталіцы. Яна яшчэ раз пацвердзіла, што беларускія спецслужбы вядуць на тэрыторыі Расеі таемнае сачэнне за людзьмі і знаходзяцца ў змове з асобнымі супрацоўнікамі расейскіх спецслужбаў, піша «Белорусский партизан».

У Маскве пры пасадцы на цягнік у Санкт-Пецярбург да былога мэнэджэра Беларускай калійнай кампаніі Ігару Яўстратава падышлі чатыры чалавекі ў цывільным адзенні. Адзін з іх прад'явіў пасведчанне супрацоўніка КДБ Беларусі.

Пераканаўшыся ў тым, што перад імі менавіта той чалавек, якога яны шукалі , аператыўнікі пад пагрозай гвалту знялі Яўстратава з цягніка і паспрабавалі вывесці з тэрыторыі Ленінградскага вакзала.

Аднак на абураныя воклічы затрыманага падышлі супрацоўнікі расейскай паліцыі. У выніку, уся група вымушаная была прайсці ў мясцовае аддзяленне паліцыі. Там апынулася, што чацвёрка ў цывільным - гэта супрацоўнікі КДБ Беларусі, якія незразумела на якіх падставах займаюцца аператыўнай працай на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, што забаронена расейскім законам.

Беларускія чэкісты прад'явілі ордэр на арышт былога супрацоўніка БКК. Аднак, паколькі гэты ордэн быў аформлены неналежным чынам, то адвакатам удалося адбіць затрыманага. Чэкісты пакінулі аддзяленне паліцыі ні з чым, паведамілі журналістам у ГУУС Масквы. Ім таксама настойліва парэкамендавалі больш не здзяйсняць незаконных набегаў на расейскую тэрыторыю.

Нагадаем, чацвёра топ-мэнэджэраў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Алег Пятроў, Канстанцін Саладоўнікаў, Ігар Яўстратаў і Дзмітрый Самойлаў адшукваюцца ў рамках расследавання крымінальных спраў, узбуджаных Генеральнай пракуратурай Беларусі па ч.3 арт.424 «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі».

Падставай для распачынання крымінальных спраў паслужылі матэрыялы пра «здзяйсненне гэтымі людзьмі відавочных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія прывялі да нанясення істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Рэспублікі Беларусь», а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ БКК. Адзін з фігурантаў справы - старшыня назіральнага савета ЗАТ БКК Уладзіслаў Баўмгертнер - быў затрыманы ў Менску і заключаны пад варту. Праз некаторы час яго перавялі пад хатні арышт.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках