Андрэй Саннікаў: Лукашэнка патрэбны Расеі ў якасці пудзіла для Еўропы
15- 31.10.2013, 10:13
- 19,430
Усходняе партнёрства абсалютна не трэба беларускаму рэжыму, яму трэба прызнанне яго законнасці з боку Еўропы для атрымання грошай, сцвярджае беларускі апазіцыянер Андрэй Саннікаў.
На яго думку, пры Аляксандру Лукашэнку дыялог з Еўропай немагчымы. «Гэта смяротна небяспечна, перш за ўсё, для актывістаў, для грамадзян, таму што рэпрэсіі не саслаблі і праходзяць сёння ў штодзённым рэжыме», - мяркуе беларускі палітык.
У інтэрв'ю DELFI былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі ў адносінах Беларусі і ЕЗ, а таксама папярэдзіў літоўскіх бізнесменаў аб небяспецы вядзення бізнесу ў суседняй краіне, паколькі «як толькі ён здасца прывабным для рэжыму», можна яго пазбавіцца і апынуцца ў турме.
- ЕЗ зрабіў чарговы крок, выключыў са спісу неўязных яшчэ 13 чыноўнікаў і 5 прадпрыемстваў. Як вы пракаментуеце гэта?
- Пакуль я магу толькі сказаць, што спіс застаецца дзеючым і прозвішчы людзей, якія датычныя да злачынстваў, дадаюцца. Тым не менш, гэты факт не робіць гонару Еўропе.
- ЕЗ працягвае казаць пра магчымасць дыялогу з рэжымам Лукашэнкі, прапаноўваць Менску размову. На вашу думку, нейкая размова магчымая?
- Пры Лукашэнку немагчымая, таму трэба вызначыцца. У 2010 годзе пасля крывавага разгону дэманстрацыі, па-мойму, не было разыходжанняў у тым, што ў Беларусі дыктатура, і ў дачыненні да грамадзян прымяняюцца жорсткія рэпрэсіі. Зараз чамусьці пачынаюць казаць, што ёсць нейкая магчымасць завесці дыялог з аўтарытарным ужо рэжымам. Гэта смяротна небяспечна перш за ўсё для актывістаў, для грамадзян, таму што рэпрэсіі не саслаблі і праходзяць сёння ў штодзённым рэжыме. Амбасадар і кіраўнік дэлегацыі ЕЗ у Менску прызнала, што ўлады рэагуюць і не пакідаюць без увагі ніводнага найменшага пратэсту.
Чаму гэта асабліва небяспечна цяпер? Лукашэнка ўвесь час пашырае рамкі рэпрэсій і ўвесь час дамагаецца таго, каб Еўропа гэтыя рэпрэсіі прызнавала. Спробы гаварыць з дыктатарам былі неаднаразова і прыводзілі да сумных наступстваў. Зараз пасля гэтых рэпрэсій вяртацца да такіх спробаў азначае перш за ўсё асуджаць палітвязняў на дадатковыя катаванні, і другое - у Беларусі трэба чакаць палітычных забойстваў. Таму што, як толькі Лукашэнка адчувае легітымацыю праз дыялог - чакай самых жорсткіх дзеянняў дыктатуры.
У свой час адбыліся выкраданні і забойствы палітычных лідараў, і нам агульнымі намаганнямі ўдалося прадухіліць працяг гэтых забойстваў да 2010 - 2011 года. Цяпер ён аднавіўся - перад выбарамі загінуў Алег Бябенін, быў выбух у метро, якi не з'яўляецца забойствам апанентаў, але гэта акт застрашвання, які не быў раскрыты. Ніхто ў Беларусі не верыць, што было незалежнае следства і вінаватыя, якія былі паспешліва расстраляныя, гэта сапраўды тыя, хто арганізаваў гэты тэракт.
- Апошнім часам даводзіцца чуць разважанні пра тое, страчаная Беларусь для Еўропы ці не. Тэмаа адной з дыскусій на цяперашняй канферэнцыі гучала практычна такім жа чынам. Тым не менш, еўрапейцы і беларускія ўлады вядуць размовы аб Усходнім партнёрстве...
- Абсалютна дакладна сказаў у ходзе дыскусіі Павал Дэмеш, што пры Лукашэнку ніякага афіцыйнага ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве не будзе. Усходняе партнёрства гэта нейкі фармат узаемаадносінаў Беларусі з Еўропай, ён не павінен знікнуць, нават калі, умоўна кажучы, Беларусь сыдзе з УП, адносіны не павінны знікнуць. ЕЗ вельмі шмат можа зрабіць у аднабаковым парадку. Усё больш усведамляюць, што палягчэнне візавага рэжыму, бясплатныя візы будуць сур'ёзным інструментам уплыву на беларускую сітуацыю. Зараз адкрылася праграма Erasmus plus, г.зн. ёсць інструменты, якія можна ўжываць без удзелу ўладаў, не пытаючыся іх дазволу, і прымяняць эфектыўна. Ніхто не пытаецца Лукашэнку і замяшаных у злачынствах чыноўнікаў: вы хочаце быць у чорным спісе ці не? Еўропа прымае рашэнні, і яны выконваюцца.
- Навошта рэжыму трэба Усходняе партнёрства?
- Рэжыму Усходняе партнёрства абсалютна не трэба, яму трэба прызнанне яго законнасці Еўропай. Гэта трэба для атрымання грошай. Лукашэнку не трэба ніякіх замацаваных на паперы адносінаў з Еўропай. Ён не будзе браць ніякіх абавязацельстваў перад Еўропай, але сама размова аб дыялогу або, як гэта называецца, уцягванні, ужо дае магчымасць атрымліваць хоць бы прыватны капітал. Ён не хоча перакрываць канал паступлення грошай.
Давайце ўспомнім нядаўнюю гісторыю, дыялог напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года дапамог Лукашэнку атрымаць крэдыт МВФ. Калі б Еўропа дзейнічала жорстка і не было дыялогу, не было б ніякага крэдыту. Гэта тое, што яму было трэба перад выбарамі, каб падкупіць насельніцтва павышэннем пенсій і заробкаў, а галоўнае - аплаціць паслугі свайго рэпрэсіўнага апарата па разгоне і знішчэнне апазіцыі. На гэта і пайшлі грошы МВФ.
Цяпер усё гэта адбываецца для таго, каб ён змог атрымаць грошы для выратавання рэжыму. Акрамя таго, дастаецца знаёмы тэзіс пра тое, што Расея цісне, не дае крэдытаў, а я (А.Лукашэнка - DELFI) супраціўляюся і вы павінны дапамагчы, паколькі зацікаўлены, каб я супрацьстаяў Расеі. Многія еўрапейцы на гэта вядуцца.
- Можа быць супраціўляцца Расеі ўжо бескарысна?
- Гэта не супраціў Расеі, а захаванне злачыннага рэжыму з выкарыстаннем заходніх і расейскіх сродкаў.
- Расею Лукашэнка, на вашу думку, задавальняе, нягледзячы на такія гісторыі, як напрыклад, з Баўмгертнерам?
- Так, Расею ён задавальняе. Расея не лічыць Беларусь незалежнай дзяржавай і таму не лічыцца з тым, што адбываецца ў краіне. Лукашэнка задавальняе яе, і ён патрэбны ёй для Еўразійскага саюза, каб палохаць Захад ваеннымі вучэннямі каля яго межаў, у тым ліку Літву і Польшчу. Ён патрэбны Расеі ў якасці пудзіла для Еўропы.
- Літва цяпер старшынюе ў Радзе ЕЗ, але вядзе і двухбаковую палітыку, праводзяцца бізнес-форумы, у Беларусі адкрываюцца літоўскія прадпрыемствы і крамы. Што вы можаце сказаць з нагоды палітыкі Літвы ў дачыненні да Беларусі?
- З Лукашэнкам нельга весці бізнес. Я магу толькі папярэдзіць літоўскіх бізнесменаў, калі іх не папярэджвае ўласны МЗС, што яны могуць вельмі хутка апынуцца ў турме. Як толькі прыбытак здасца прывабным для рэжыму, хай яны рыхтуюцца да рэйдарскіз захопаў, вымагальніцтваў і пасадак. Гэта мой сумны вопыт з турмы, дзе я сустракаў бізнесменаў з розных краін, у тым ліку і з Літвы.
- Ці атрымалася ў рэжыма нейтралізаваць пратэстныя настроі і апазіцыю пасля 2010 года?
- Так, атрымалася. Упершыню ў нашай найноўшай гісторыі не было акцый пратэсту пасля так званых «парламенцкіх выбараў». Такога ў нас не было, усе выбары апазіцыя абавязкова выходзіла і заяўляла пра свой пратэст супраць фальсіфікацый. Хоць і выбараў як такіх даўно ўжо няма. Так што атрымалася, і гэта можа спрацаваць супраць самога Лукашэнкі, таму што загон пратэстаў, якія былі адзінай формай прыцягнення ўвагі да сітуацыі ў Беларусі, іх нейтралізацыя, знішчэнне апазіцыі - гэта не можа не прывесці да выбуху. Нягледзячы на весь ціск рэжыму, калісьці наступіць кропка біфуркацыі. Калі грамадства пазбаўлена ўсіх сродкаў даносіць альтэрнатыўны пункт гледжання і магчымасці ўплываць на палітыку дзяржавы ва ўсіх сферах жыцця, гэта непазбежна прывядзе да канфлікту.
- На вашу думку, ці можна казаць пра трываласць рэжыму?
- Я лічу, што не, таму што ў 2010 годзе рэжым пацярпеў палітычную паразу. Відавочна, што апазіцыя выйграла выбары. У 2011 годзе ён пацярпеў эканамічную паразу, калі здарыўся фінансавы крах. І калі б Расея яго не выратавала, думаю, Лукашэнкі б ужо не было...
- Ці будуць выбары 2015 года...
- Я думаю, што да 2015 года яшчэ будуць адбывацца падзеі, якія акажуць уплыў на сам рэжым. Скажам так, рэжым робіць выгляд, што ён вельмі трывалы. Рэпрэсіўная машына досыць трывалая, але сам рэжым - не.