Алігархаў могуць выключыць з «чорнага спісу» ЕЗ
22- 8.10.2013, 13:34
- 35,182
Спіс неўязных у ЕЗ памагатых беларускага дыктатара можа быць скарочаны ўжо ў бліжэйшы час.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, спасылаючыся на надзейныя крыніцы ў Бруселі.
«Рыхтуецца скарачэнне спісу прадстаўнікоў рэжыму, якім забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звяза. У першую чаргу, гаворка ідзе менавіта пра алігархаў. Серыя «адбельваючых» артыкулаў у незалежных СМІ, дзе іх часта ў апошні час малююць у якасці паспяховых бізнесменаў і не гавораць пра тое, што свайго «поспеху» яны дабіліся дзякуючы сувязям з уладамі - толькі бачная частка працы, якая вядзецца ў гэтым кірунку. Алігархі - першыя кандыдатуры на выключэнне са спісу, у тым ліку і таму, што актыўна выкарыстоўваюць еўрапейскія суды для таго, каб дамагчыся зняцця санкцый. Палітыкі, у сваю чаргу, абавязаныя лічыцца з гэтым. Хачу падкрэсліць, што гэтае рашэнне залежыць не толькі ад Еўрапейскай камісіі, але і ад уладаў краін-удзельніц ЕЗ», - заявіў палітык.
Віталь Рымашэўскі адзначыў, што лічыць няправільным магчымае рашэнне аб скарачэнні санкцыйнага спісу.
«Да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні, нельга казаць пра адмену санкцый у дачыненні да каго-небудзь з беларускіх чыноўнікаў і алігархаў. Гэта будзе няправільным крокам».
Нагадаем, цяпер у «чорным спісе» Еўрапейскага Звяза тры беларускіх бізнесмена - Уладзімір Пефціеў, Юрый Чыж і Анатоль Цярнаўскі. Санкцыі супраць іх былі ўведзеныя з-за падтрымкі, у тым ліку і фінансавай, рэжыму Лукашэнкі і рэпрэсій супраць апазіцыі, якія праводзяцца імі.