Былога палітвязня прысудзілі да 3 месяцаў арышту
4- 12.11.2013, 12:18
- 9,200
Прысуд моладзеваму актывісту Уладзіміру Яроменку пакінулі ў сіле.
Сёння ў 11 гадзін у Менскім гарадскім судзе па вул. Дуніна-Марцінкевіча 1/3 пачаўся разгляд касацыйнай скаргі былога палітычнага зняволенага Уладзіміра Яроменка.
Пасля вызвалення з калоніі за ўдзел у розных акцыях актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак неаднаразова падпадаў пад адміністрацыйныя арышты. За гэта над ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. 20 жніўня суд Першамайскага раёна Менска прысудзіў Уладзіміра да 3 месяцаў арышту, прызнаўшы вінаватым у парушэнні правілаў нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэкса РБ).
Менскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле, актывіст ужо сёння можа быць адпраўлены ў турму, паведамляе карэспандэнт charter97.org.
Уладзімір Яроменак мае намер абскардзіць дадзенае рашэнне ў Вярхоўным судзе.
Раней у ЛПП прымусова быў адпраўлены былы палітвязень Васіль Парфянкоў.
Фота: «Радыё Свабода»