Польшча выступае за поўную адмену віз з Беларуссю
170- 14.11.2013, 13:51
- 116,268
Польшча прапануе Беларусі пайсці на ўзаемную адмену віз.
Пра гэта заявіў сёння на прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка, перадае БелТА.
«Мы выступаем за максімальнае спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю і адмену віз. Польшча - прыхільнік таго, каб цалкам адмяніць візы з Беларуссю», - сказаў кіраўнік польскай дыпламатычнай місіі. Ён нагадаў, што да Шэнгенскага пагаднення паміж Беларуссю і Польшчай існаваў бязвізавы рэжым, і гэта станоўча адбівалася на двухбаковым супрацоўніцтве.
Лешэк Шарэпка таксама адзначыў, што ў візавых пытаннях не ўсё залежыць цалкам ад Польшчы, паколькі яна ўзгадняе свае рашэнні з Еўразвязам.
Амбасадар Польшчы падкрэсліў, што колькасць беларусаў, якія жадаюць наведваць Польшчу, штогод павялічваецца. Так, у мінулым годзе польская амбасада выдала 350 тыс. віз, а па выніках 2013 года лічба павінна перавысіць 360 тыс.
На думку польскага дыпламата, спрашчэнне візавых працэдур паміж Польшчай і Беларуссю будзе спрыяць развіццю кантактаў паміж краінамі па ўсіх напрамках.
Нагадаем, зараз беларусам даводзіцца плаціць 60 еўра, каб наведаць краіны Шэнгенскай зоны.