На саміце «Усходняга партнёрства» Лукашэнкі не будзе
9- 19.11.2013, 12:58
- 18,915
Узровень удзелу Беларусі ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні не будзе надзвычай высокім.
Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, піша «Інтэрфакс».
«Што тычыцца ўзроўню нашага ўдзелу, то ў цяперашні час гэта пытанне разглядаецца і абмяркоўваецца. Я не думаю, што, з улікам значнасці гэтай ініцыятывы, павінен быць такі ўжо празмерна высокі ўзровень удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства», - сказаў ён у аўторак на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
Па словах кіраўніка беларускага МЗС, «што тычыцца нейкіх канкрэтных дывідэндаў і выгод, то на дадзеным этапе мы не чакаем, што яны будуць вельмі значнымі». «Так, мы ўдзельнічаем у некаторых праектах, якія рэалізуюцца ў рамках ініцыятывы «Усходняга партнёрства» на шматбаковым трэку, але пра тое, што гэтыя праекты вельмі значныя, казаць не даводзіцца», - падкрэсліў Уладзімір Макей.
Ён таксама адзначыў, што ад маючага адбыцца саміту «чаканняў асабліва ніякіх няма». «Мы лічым, што наш удзел мэтазгодны зыходзячы з неабходнасці нармалізацыі нашых адносінаў з Еўрапейскім звязам», - сказаў кіраўнік беларускага МЗС. Ён нагадаў, што ЕЗ з'яўляецца другім па значнасці партнёрам Беларусі пасля РФ. «Доля Расеі ў нашым тавараабароце складае каля 49%, а доля ЕЗ - каля 29%, амаль 30. Гэта вельмі вялікая лічба, было б недарэчна адмаўляцца ад гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з ЕЗ», - падкрэсліў Макей.
Нагадаем, амбасадар Польшчы Лешэк Шарэпка 14 лістапада ў Менску заявіў, што пакуль не час для прадстаўлення Беларусі на саміце «Усходняга партнёрства» на самым высокім узроўні.
«Узровень прадстаўніцтва залежыць ад узроўня адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Пакуль не час для прадстаўлення на самым высокім узроўні», - сказаў польскі амбасадар.