Rrzeczpospolita: Лукашэнка сам хоча ізаляцыі беларусаў
29- 20.11.2013, 15:15
- 33,406
Беларуская прапаганда прызналася, што рэжым ніколі не хацеў па-сапраўднаму збліжацца з ЕЗ.
Газета «Советская Белоруссия», друкаваны орган адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, апублікавала артыкул пад назвай «Тонкія гульні». З публікацыі вынікае, што беларускія ўлады баяцца лібералізацыі візавага рэжыму з Еўрапейскім звязам. Газета ў адкрытую прызнаецца, што адкрытая мяжа не на руку цяперашняму беларускаму рэжыму, які хоча праводзіць палітыку ізаляцыі грамадства, Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).
Аўтар тэксту, спасылаючыся на апошнюю заяву амбасадара Польшчы ў Беларусь Лешака Шарэпкі, якая тычыцца прапановы адмены віз для беларусаў, сцвярджае, што гэта можа быць «чарговай спробай дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі» ўладамі ЕЗ і ЗША.
- Паслабленне візавага рэжыму павысіць рэйтынг ЕЗ у вачах многіх беларускіх грамадзян, а таксама інтэнсіфікуе беларуска-еўрапейскія кантакты на ўсіх напрамках - піша «Советская Белоруссия». - Гэта будзе вельмі зручным для вярбоўкі новых агентаў уплыву ў Беларусі - пераконвае аўтар тэксту.
Цікава тое, што беларуская прапаганда ў першы раз прызналася, што Менск не зацікаўлены ў лібералізацыі візавага рэжыму з Еўразвязам, хаця да гэтага ва ўсіх «візавых праблемах» абвінавачваліся еўрапейскія дыпламаты, якія нібыта мэтанакіравана ўскладнялі працэс атрымання віз. - Нездаровы ажыятаж вакол атрымання шэнгенскіх віз, які аброс вакол амбасадаў і консульстваў разнастайнымі паўкрымінальным «шэрымі» схемамі, даўно стаў адным са сродкаў ціску Еўразвяза на Беларусь - сцвярджае газета.
Кажучы пра «дыпламатычныя прадстаўніцтвы некаторых краін ЕЗ» друкаваны орган Лукашэнкі мае на ўвазе польскія консульствы ў Беларусі, так як і польскія візы карыстаюцца найбольшым попытам. Варта звярнуць увагу, што ў мінулым годзе Польшча выдала палову ад усіх віз, выдадзеных беларусам усімі краінамі ЕЗ. З гэтай рэкорднай лічбай звязаныя пэўныя праблемы. Сістэма электроннай рэгістрацыі пастаянна завісае з-за так званых «трэціх асоб», якія яе блакуюць, а пасля прапануюць платную рэгістрацыю. Беларуская ўрадавая прэса шматкроць перакладала адказнасць за гэтую сітуацыю на польскі бок, аднак гэтая версія гучыць непраўдападобна, улічваючы той факт, што візавыя пытанні ў Беларусі кантралюе некалькі устаноў, у тым ліку КДБ.
Усё паказвае на тое, што аргументы беларускай прапаганды, якія існавалі да гэтага часу, перасталі дзейнічаць на насельніцтва. Апошнія незалежныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што больш за 70% рэспандэнтаў падтрымліваюць еўрапейскі напрамак развіцця. Аднак ідэолагі не адступаюць і далей спрабуюць запалохаць грамадства «каляровымі рэвалюцыямі», якія «павінны прывесці Беларусь да краху». - Нельга забываць, што «каляровыя рэвалюцыі», якія ўзрушылі многія постсавецкія дзяржавы ў 2000-я, сталі вынікам у тым ліку ўдарнай працы ЕЗ і ЗША з грамадзянскімі супольнасцямі гэтых краін - пераконвае газета.
14 лістапада амбасадар Лешэк Шарэпка сказаў, што толькі ў першай палове 2013 года польскія консульствы выдалі беларусам 180 тысяч віз. - Агульная мяжа - гэта наш шанец і наша праблема - сказаў польскі амбасадар, дадаўшы: - Мы за тое, каб віз наогул не было.
Аўтар тэксту ў прапагандысцкай газеце не хавае, што беларускія ўлады раздражняе тое, што ЕЗ, збліжаючыся з беларускім грамадствам, ігнаруе ўладу. У дачыненні да беларускіх чыноўнікаў дзейнічае забарона ўезду ў еўрапейскія краіны. У «чорным спісе» фігуруюць 232 прозвішчы чыноўнікаў і алігархаў, а таксама 25 кампаній і прадпрыемстваў. Спіс пачынаецца з Аляксандра Лукашэнкі.