Януковіч расказаў кіраўніцтву Літвы пра шантаж Расеі
67- 22.11.2013, 12:18
- 45,021
Украіна не можа падпісаць дамову з ЕЗ з-за ціску Расеі.
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ паведаміў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўразвязам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расеі.
Пра гэта паведаміла ў пятніцу BNS дарадца літоўскага прэзідэнта, піша ru.delfi.lt.
Падчас тэлефоннай гутаркі літоўскаму прэзідэнту паведамілі пра пагрозы абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны, а гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты, паведаміла старэйшы саветнік прэзідэнта па знешняй палітыцы Йавіта Нелюпшэне.
«Украіна не выстаяла перад эканамічным ціскам і шантажом. Ёй пагражалі абмежаваць імпарт тавараў у Расею, асабліва кампаній Усходняй Украіны, дзе сканцэнтраваная асноўная частка прамысловасці, у якой занятыя сотні тысяч людзей. Лічыцца, што Украіна панясе мільярдныя страты. Такія прычыны свайго рашэння назваў прэзідэнт Януковіч падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам на гэтым тыдні», - сказала BNS Нелюпшэне.
«Такім чынам мы бачым саюзы, якія ствараюцца нецывілізаванымі сродкамі ціску, і такія саюзы не могуць быць даўгавечнымі», - сказала прэзідэнцкі дарадца.
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус выказаў асабістае шкадаванне з нагоды заявы ўрада Украіны аб спыненні падрыхтоўкі да падпісання гістарычнай дамовы аб асацыятыўным сяброўстве, якое планавалася на саміце ЕЗ на наступным тыдні ў Вільні.
«Такі выбар не радуе, паколькі я ўжо не бачу таго, што Украіна належыць Еўропе не толькі геаграфічна, але і ў іншых сэнсах. Мы будзем паважаць любы выбар. Толькі важна адзначыць, што казаць пра тое, што можна перанесці на больш позні тэрмін, то гэты позні тэрмін можа ператварыцца ў ніколі», - сказаў BNS Лінкявічус.
Міністр лічыць, што ЕЗ і Літва, якая цяпер старшынюе ў гэтым паўгоддзі ў ім, зрабілі ўсё, што маглі, а рашэнні застаюцца ў руках украінскіх уладаў.
У чацвер Украіна заявіла, што спыняе падрыхтоўку да падпісання дамовы аб асацыятыўным сяброўстве і свабодным гандлі з ЕЗ, якое павінна было адбыцца на саміце Усходняга партнёрства на наступным тыдні ў Вільні.
Украінскі ўрад матываваў гэта жаданнем пашырыць гандлёвыя сувязі з Расеяй. У паведамленні Кабміна гаворыцца, што такое рашэнне прынята «на карысць нацыянальнай бяспецы».
Фота: dw.de