Камбінатар Януковіч
18- Ілья Мільштэйн, «Сноб»
- 25.11.2013, 18:59
- 45,893
Прэзідэнт Украіны бярэ прыклад з Лукашэнкі і паводзіць сябе як слон у пасуднай краме ці як бандыт у свецкім грамадстве.
Расея, сказаў ён, душыць і шантажуе. Таму вымушаны адмовіцца ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ. Што тут зробіш, Даля, няшчасны я чалавек, напэўна, яшчэ дадаў ён, уздыхнуў і павесіў трубку.
Сярод навін, якія суправаджаюць скандал, гэтая ўцечка, магчыма, самая галоўная навіна. Размаўляючы па тэлефоне з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, Віктар Януковіч раскрыў ёй душу і паскардзіўся на лёс і на Маскву. Уцечку арганізаваў дарадца літоўскага прэзідэнта, абвяржэнняў не было, і гэта азначае, што горкія словы былі сказаныя. Больш за тое, Віктар Фёдаравіч сам хацеў, каб яго скаргі пачуў увесь свет. І калі зразумець, для чаго Януковічу спатрэбілася рабіць з сябе ахвяру, то можна, верагодна, спасцігнуць тое, што адбываецца і нават паспрабаваць прадказаць будучыню.
Тэхніка мітусні паміж Крамлём і Захадам даўно засвоеная і напружана эксплуатуецца ў тых былых рэспубліках СССР, дзе такія хістанні яшчэ з'яўляюцца асноўным зместам дыпламатыі. У кожнага прэзідэнта свой стыль, свой метад, свае адпрацаваныя жэсты. Кожны з іх кідаецца ў меру сіл, магчымасцяў і асабістага тэмпераменту.
Калі ўзяць толькі славянскія рэспублікі, то трэба ўспомніць, як дзейнічаў самы разумны з іх - Леанід Кучма. Той сваю знешнюю палітыку праводзіў паводле прыказкі: ласкавае цяля дзвюх матак смокча. Еўропе і Амерыцы ён маляваў хвалюючыя карціны дэмакратычнага росквіту Украіны, якая ўступіла ў ЕЗ і НАТА; карцінкі аплачваліся коштам шчодрых шматмільярдных крэдытаў. Наадварот, у размовах з расейскімі партнёрамі Леанід Данілавіч казаў аб вечнай дружбе і непарушным братэрстве, за што ўдзячныя расейцы амаль пакорліва пастаўлялі яму танныя энерганосьбіты. Такі быў бартэр.
Самы брутальны са славянскіх братоў, Аляксандр Лукашэнка спачатку прэтэндаваў на крамлёўскі трон, а пасля прыходу Пуціна зусім счарсцвеў душой і стаў агрызацца з усімі. Зрэшты, забіваючы ці адпраўляючы ў турмы апазіцыянераў, бацька звычайна ўспамінаў, што сяброўства з Расеяй ёсць гістарычны выбар беларускага народа. А калі ён да смерці лаяўся з Пуціным, то ненадоўга звяртаў погляды на Захад і нават вызваляў палітвязняў. Здараецца, праўда, і з кожным годам усё часцей, што ён блытае рамсы і лаецца з усімі запар: працягваючы злавацца на Еўропу, бярэ ў закладнікі расейскага топ-мэнэджара... Але тут яго да гэтага часу выручала геапалітыка, то бок месца, якое займае Беларусь на карце свету.
Януковіча не ратуе. Палітычнае і геаграфічнае месца Украіны ў постсавецкіх рэаліях такое, што рана ці позна трэба вызначацца. Гэта ў свой час усвядоміў і Кучма, які пасля касетнага скандалу, паматляўшыся, моцна «засябраваў» з Уладзімірам Уладзіміравічам і намеціў у пераемнікі Януковіча, што, як вядома, абярнулася Майданам. Гэтую праблему маглі б вырашыць Юшчанка з Цімашэнкай, калі б час, адведзены ім пасля перамогі Памаранчавай рэвалюцыі, цалкам не прысвяцілі б унутранай грызні. І так ужо выйшла, што гістарычны выбар даводзіцца здзяйсняць яму, вось гэтаму Віктару Фёдаравічу, чые амбіцыі не распасціраюцца далей таго, каб перапісаць на сваю сям'ю ўсю ўкраінскую ўласнасць і трыумфальна выйграць выбары ў 2015 годзе.
Януковіч не тое, каб зусім дурны - ён своеасаблівы. Як слон у пасуднай краме ці бандыт у свецкім грамадстве. Усе яго палітычныя разлікі і задумы, як правіла, прастадушныя, накшталт той угоды з Пуціным, калі ён пракруціў бліскучую з выгляду аперацыю «Танны газ у абмен на Чарнаморскі флот у Крыме і дэгераізацыя Бандэры», і моцна здзівіўся і спалохаўся, даведаўшыся, што «Газпрам» стаў прыцэньвацца да «Нафтагазу». Ён пралічвае адзін ход наперад, робіць гэты ход, а потым на яго, дапусцім, абвальваецца вянок, і пацярпелы пацірае выцятую галаву, і гэта цягне на знак. Сімвал векавой дружбы, калі заўгодна.
Зразумелая справа, падчас пяцігадзіннай таямніцай сустрэчы ў Сочы прэзідэнт РФ зрабіў Януковічу прапанову, ад якой той не змог адмовіцца. Нешта паабяцаў, чымсьці прыгразіў, і лёгка здагадацца, у чым складаліся абяцанкі і пагрозы. Толькі бізнэс, нічога асабістага, і тут Віктар Фёдаравіч задумаўся яшчэ на ход наперад і вырашыў: а на чорта яму Еўропа? І калі адным ударам можна забіць двух зайцоў, гэта значыць захаваць падабенства векавой дружбы з Пуціным і пакінуць пад замкам Цімашэнку, то хіба гэта не выйсце са становішча? Пры тым, што да лэдзі...
Так, але ж трэба яшчэ неяк паразумецца з Захадам і з грамадзянамі, ці не праўда? Каб расчараваныя еўрапейскія палітыкі не занадта раззлаваліся на яго, а грамадзяне не скінулі раней часу. Гады два з паловай таму, размаўляючы з Меркель, Януковіч прызначыў Еўропе кошт за выкуп Цімашэнкі ў памеры $7 млрд, і фраў канцлерын спачатку запала ў ступар, а потым перастала з ім размаўляць. Цяпер першы крок выглядае прывабней. Прэзідэнт Украіны скардзіцца гаспадыні віленскага саміту на жорсткасць Пуціна і не пярэчыць супраць таго, каб гэтая сенсацыйная навіна папала ў прэсу. Ну цісне Расея, плачацца ён, душыць і шантажуе.
Віктар Фёдаравіч, які засмучаецца і зміраецца з грозным лёсам, жадае паўстаць ахвярай крамлёўскай інтрыгі, і гэта зноў памылка, заснаваная на кепскіх разліках. Пасварыўшыся з Еўропай, ён зноў будзе вымушаны гадамі абараняць ад напорыстага суседа «Нафтагаз» і ўхіляцца, з усёй богам адзначанай грацыяй, ад уступлення ў Мытны саюз. Уласна, ужо сёння ён выклікае пачуццё салідарнай пагарды ва ўсіх: у Пуціна, еўрапейцаў, амерыканцаў і грамадзян Украіны.
Юлія Цімашэнка таксама не пакідае яму шанцаў захаваць твар. У адкрытым яе лісце сказана прама і проста: я гатовая сядзець, я звярнуся да еўрапейскіх лідараў, каб яны не ўвязвалі ўступленне Украіны ў ЕЗ з маім лёсам, толькі падпісвай Пагадненне. Ты ж на самай справе толькі гэтага хочаш? І гэта размова не хлопчыка з веерам пагашаных судзімасцяў, але мужа. Як кажуць, адзінага мужчыны ва ўкраінскай палітыцы. Кучма калісьці моцна пашкадаваў, што адправіў лэдзі Ю ў турму, адкуль яна выйшла лютай палітычнай змагаркай. Складваецца ўражанне, што Януковіч пашкадуе пра гэта яшчэ мацней.
Ілья Мільштэйн, «Сноб»